Шэрагоўцы не ўпаўнаважвалі прафсаюзнага боса ўваходзіць у аблвыканкам

Рашэннем кіраўніка Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара кіраўнік абласной арганізацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Мікалай Басалай улучаны ў Раду аблвыканкама. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці атрымаў спадар Басалай санкцыю на гэта ад прафсаюзных арганізацый. Гаворыць кіраўнік прафкама Брэсцкага электралямпавага завода: "Упершыню чую. Ну, чалец ён выканкама. А структурна абласное аб’яднанне не памянялася. Проста яго ўлучылі. Ён не выконвае ўладу. Задачы ставяць".

Еўрарадыё: Дык яму задачы ставяць там?

Кіраўнік прафкама: "Не. Улада, выканкам кіруе. А ён разам з выканкамам прымае рашэнні".

У прафкаме мясакамбіната нічога не ведалі: "Ну што Басалай… Вы патэлефанавалі на Брэсцкі мясакамбінат. Брэсцкі мясакамбінат уваходзіць у райкам прафсаюза. А райкам у абласныя прафсаюзы ўваходзіць, так. А Басалай хто?".

Не праводзілі рашэння па Басалаю і ў тэхнічным універсітэце. Кандыдат педагагічных навук Мікалай Коўш, які доўга ўзначальваў абласны прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі, патлумачыў Еўрарадыё сітуацыю:

"Перад гэтым прэзідэнт Рэспублікі Беларусь даў згоду на прызначэнне новага начальніка абласнога Ўпраўлення ўнутраных спраў і Басалая Мікалая Іванавіча на ўключэнне ў склад абласнога выканкама. У нашым выпадку гэта праўладныя прафсаюзы, якія не выконваюць свайго асноўнага прызначэння і з’яўляюцца такім рамянём, які злучае і спрабуе, калі ўзнікаюць нейкія пытанні, нівеляваць іх і звесці да нуля абарону праў працоўных".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі