Школьная вопратка з натуральнай тканіны — толькі для хлопцаў
А для дзяўчат — з сінтэтыкі. “Яны ж прыгожа хочуць выглядаць”, — тлумачаць вытворцы.
Беларускія вытворцы падрыхтавалі да школьнага сезону каля 270 мадэляў для дзяўчат і 250 — для хлопцаў, рапартуе ў эфіры БТ намеснік міністра Вячаслаў Драгун.
Ацэньваем асартымент. У гандлёвым доме “На Нямізе” а 10-й гадзіне раніцы ўжо натоўп бацькоў з дзецьмі. Рыхтуюцца да школы, абіраюць форму. Знаходжу нават нагавіцы і пінжак з натуральнай тканіны. Каштуе 680 тысяч рублёў. Такія ёсць на сярэдні і малодшы школьны ўзрост.
Але з большага — вопратка з сінтэтыкі (у тканіне найбольш поліэстару). Такі касцюм цягне на 514 тысяч. “Бацькі ж пытаюцца пра натуральную вопратку”, — кажа прадаўшчыца, калі цікаўлюся попытам.
Святлана з сынам Максімам шукаюць касцюм для школы. Хлопчык ідзе ў шосты клас.
“Мы глядзім, каб падышла. Цяжка падабраць. А там кошты, як будзе. А на склад мы не вельмі ўвагу звяртаем. Вось, толькі прыйшлі, нават яшчэ коштаў не ведаем”, — адказвае Святлана.
Юлія, якая аддае сына-першакласніка ў школу, форму для сына набывала ў Італіі, бо лічыць, што там больш якасна і танна.
“Каля 45 еўра пайшло на форму. Я выбірала такія штаны, каб былі крыху вузейшыя, чым у нас прадаюць. Так больш модна. Касцюм добры набылі, якасны, з натуральнай тканіны”, — расказвае жанчына.
Каля школьнага аддзела ГУМа таксама ажыятаж. Бацькі, апроч фасону і памеру, пытаюць пра склад тканіны.
Калі пытаю пра натуральную тканіну, прадаўшчыца паказвае два касцюмы: адзін на хлопца сярэдняга школьнага ўзросту, іншы — для старэйшага.
А вось сарафан на дзяўчынку толькі часткова з натуральнай тканіны. Большы складнік — сінтэтыка. Каштуе 200 тысяч.
У гэтым годзе зрабілі партыю вопраткі з натуральнай тканіны, адразу кажуць на фабрыцы “Славянка”. Але толькі для хлопцаў.
“Цікавасць заўжды была да натуральнага, але мы чамусьці не думалі пра школьнікаў. У нас больш для сярэдняга школьнага ўзросту і малодшага. Аднак гэта для хлопцаў. Дзяўчыны ж у нас хочуць прыгожымі быць. Але трэба ў наступным годзе і пра іх думаць”, — прызнаюць на фабрыцы.
На фабрыцы “Камінтэрн” таксама робяць вопратку для школьнікаў з укладаннем натуральных валокнаў.
“У гэтым годзе выкарыстоўвалі тканіны з ўкладаннем воўны — 30% і 8%. Астатняе — поліэстар”, — тлумачаць на фабрыцы.
Паводле падлікаў Мінгандлю, апрануць дзіця ў школу сёлета будзе каштаваць ад 880 тысяч да 4,5 мільёна рублёў. Дарэчы, летась школьнай вопраткі з натуральнай тканіны амаль не было.
Касцюм з воўны
Дзявочая сукенка
Фота 1: ds.com.ua