Шматдзетную маці, што абаранялася ад мужа, які яе біў, судзяць за забойства
У Бабруйску судзяць шматдзетную маці / bobruisk.ru
У Бабруйску судзяць за забойства шматдзетную маці, якая спрабавала абараніцца ад мужа, які яе збіваў. Жанчыну абвінавачваюць у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця іншага чалавека, піша "Вечерний Бобруйск".
Кацярыне 32 гады, яна родам з Бабруйска, з вышэйшай адукацыяй, раней судзімая не была. Дзяўчына працавала адміністратарам у адной з кавярняў горада, жыла з мужам і дзецьмі на наёмнай кватэры.
У часе допыту ў зале суда Кацярына расказала, што са сваім мужам яна пазнаёмілася яшчэ ў 2010 годзе, у ВНУ ў Горках. У 2011-м распісаліся. Праз год нарадзілася першае дзіця. Неўзабаве сям'я пераехала ў Бабруйск, жылі спачатку ў яе бабы, потым пераехалі ў наёмную кватэру. Потым нарадзілася другое дзіця, трэцяе…
Апошнім часам Кацярына працавала ў кавярні ў выходныя з 10 гадзін вечара да 5 раніцы. Абвінавачваная кажа, што праз такі графік працы паміж ёй і яе мужам ніколі не было канфліктаў. Лаяліся яны толькі праз тое, што ў стане моцнага алкагольнага ап'янення муж падымаў на яе руку. З усім, што датычыцца сямейнага побыту, праблем у іх не было.
"Калі ён піў шмат піва, то таксама станавіўся агрэсіўным, быццам чалавека "замяняюць"
Па словах Кацярыны, муж яе станавіўся агрэсіўным, калі піў моцнае спіртное. Упершыню яна пабачыла гэта ў 2011 годзе.
— Было незразумела, чаму чалавек сябе так паводзіць, — кажа жанчына. — Першы раз, другі, трэці. Піва вып'е, усё добра, але як толькі моцны спіртны напой, паводзіны становяцца зусім іншыя. Потым ён казаў, што нічога не памятае. Мы дамовіліся, што моцныя спіртныя напоі ўжываць ён не будзе. Гэта ведалі і ўсе нашы сябры, у госці Коля прыходзіў з півам. Але калі ён піў шмат піва, то таксама станавіўся агрэсіўным, быццам чалавека "замяняюць", быццам па пстрычцы з ім нешта адбываецца. Даходзіла да рукапрыкладства, у мяне былі сінякі. Але я ніколі не звярталася ў міліцыю з гэтай нагоды. Толькі з сястрой яго нейкія моманты абмяркоўвалі, — кажа абвінавачваная. — Ведалі нешта пра гэта яго бацькі ці не, мне невядома. У часе скандалаў ён забіраў у мяне мабільны тэлефон, каб я не магла патэлефанаваць. Часам я выбягала на вуліцу, крычала і Коля спыняўся.
На пытанне суддзі пра тое, што перашкаджала ёй звярнуцца ў міліцыю, Кацярына адказала, што не хацела, каб іх сям'ю паставілі на СНС, каб на працу да мужа прыходзілі нейкія паперы, бо ён займаў добрую пасаду. Ёй было сорамна, і яна не хацела дапускаць агалашэння праблем у адносінах.
— Раніцай мы з'ездзілі да лекара з дзецьмі, дзень я была дома. А 09:30 вечара паехала на працу. Муж заставаўся дома, — расказвае Кацярына пра дзень забойства. — Адпрацавалі змену да 5 гадзін раніцы. Потым засталіся на працы з калектывам. Там я выпіла кактэйлі алкагольныя, тры шклянкі па 200 грамаў. Потым мы паехалі ў KFC, пасля — да калегі, я піла піва. Ад яе я выехала каля 11 гадзін дня да знаёмага. У суме я за ўвесь час выпіла літры тры піва. Мы з мужам некалькі разоў стэлефаноўваліся. Я чула па голасе, што ён п'яны, і мы сварыліся праз гэта. Ён таксама выказваў сваю незадаволенасць маімі паводзінамі. Мы крычалі адно на аднаго, кідалі трубкі.
Дадому, як расказвае абвінавачваная, яна прыехала каля 17:00.
— Выйшла з таксі, адчыніла сваім ключом дзверы. Мяне сустрэлі дзеці. Калі здымала вопратку, Коля быў на кухні, я бачыла, што ён стаіць з куфлем піва. Зразумела, што ён у моцным алкагольным ап'яненні. Я зайшла на кухню з пакетам, у якім былі рэчы з працы. Мы нават не паспелі пагаварыць, як ён ударыў мяне далонню з левага боку па галаве, я паляцела ў калідор. Паміж кухняй і калідорам у нас няма дзвярэй. Я спрабавала ўстаць, але ён пацягнуў мяне на кухню, там шматаў, цягаў. Я не паспявала падняцца, білася аб прадметы, якія знаходзіліся на кухні, — дзверцы ад кухонных шафак, вугал мікрахвалевай печкі. Я стукнулася моцна аб нешта патылічнай часткай галавы, стала балюча. Я была на падлозе, закрыла вочы. Стала страшна.
"Ён схапіў мяне за левае запясце і кінуў у кватэру, я ўпала на плітку, стукнулася падбароддзем"
Па словах дзяўчыны, яна хацела патэлефанаваць бабе, пабегла да ўвахода. Муж за ёй. Яе тэлефон ляжаў на акварыуме, яна яго схапіла.
— Дачка пры гэтым адчыняла дзверы, я сказала, каб яна схавалася. Не паспела тэлефон разблакаваць, Коля адразу вырваў яго з рук і пайшоў на кухню. Я выбегла на пляцоўку, каб пазбегнуць далейшага развіцця падзей. Абуваць абутак не стала. Раней я ўжо ўцякала ад яго па лесвіцы і ён мяне даганяў. Таму гэтым разам вырашыла выклікаць ліфт, каб было хутчэй. Ліфт не паспеў прыехаць, адчыніліся дзверы, выйшаў Коля…
Чаму жанчына не званіла ў дзверы да суседзяў і не крычала і клікала на дапамогу, яна не ўдакладняе.
— Ён схапіў мяне за левае запясце і кінуў у кватэру. Я ўпала на плітку, стукнулася падбароддзем. Ён зноў пайшоў на кухню з півам. Я села, галава вельмі моцна балела. Пакратала рукамі валасы, там была кроў. Я зразумела, што трэба ехаць у траўмапункт, але не ведала, дзе мой тэлефон. Зайшла на кухню сказаць Колю, што ідзе кроў, што мне патрэбна медыцынская дапамога. Але ён сказаў, што не аддасць тэлефон. Ударыў мяне далонню з правага боку, я ўпала, — працягвае абвінавачваная. — Калі ўстала, дастала нож з шуфлядкі, першы, які трапіўся. Узяла яго ў рукі, каб муж спалохаўся і супакоіўся. Трымала нож у правай руцэ лязом уніз паралельна падлозе. Пры гэтым казала: "Што ты робіш, перастань, не падыходзь да мяне". Ён казаў: "Ну што ты зробіш? Давай". Я заставалася ў такім становішчы. Усяго адна секунда, ён рынуўся да мяне. Я не магу сказаць, што ў гэты момант адбылося. Ён спыніўся, адышоў назад і абапёрся на кухонную стальніцу. Я глядзела на яго, дзве-тры секунды нічога не было, потым пайшла кроў, я ўбачыла рану, моцна спалохалася. Зразумела, што тэрмінова патрэбна хуткая, але не ведала, дзе мой тэлефон.
У паніцы дзяўчына, як яна расказвае, шукала тэлефон. Калі зноў забегла на кухню, муж ужо паўсядзеў. Яна паклала пакет з рэчамі яму пад галаву. З раны ў яго ішла кроў.
— Медык з мяне дрэнны. Але я баялася, каб ён не сплыў крывёю. Заціснула рану. Бачыла, што ён адключаецца, спрабавала з ім размаўляць, седзячы на кукішках побач. Потым на паліцы ў калідоры ўбачыла свой тэлефон. Баялася адпусціць рану, рэзка ўзяла тэлефон, дзве рукі былі ў крыві, сэнсар не паддаваўся, разблакаваць не атрымлівалася. Праз тое, што я часта націскала на блакаванне, выскачыла "экстранныя службы" і адразу "103". Я выклікала хуткую, адказала на ўсе пытанні, папрасіла, каб прыехалі як мага хутчэй. Пры гэтым папрасіла дачку адчыніць дзверы, бо баялася адпусціць рану. І ў такім становішчы знаходзілася да прыезду міліцыі, хуткай дапамогі. Потым мяне адвёў у пакой адзін з супрацоўнікаў. Колю забрала хуткая.
Кацярына кажа, што з 2019 года муж яе біў даволі часта. Бліжэй да 2022 года такія канфлікты здараліся прыкладна раз на месяц. А тры апошнія месяцы гэта было раз на два тыдні. І ён заўсёды ў гэтыя моманты быў моцна п'яны. У часе канфліктаў, па словах дзяўчыны, яна заўсёды баялася за сваё жыццё.
Два сведкі — былыя калегі Кацярыны, з якімі яна працавала ў кавярні, адзначылі, што яна перыядычна прыходзіла на працу з сінякамі, казала, што гэта зрабіў яе муж.
Суд над дзяўчынай працягнецца 29 ліпеня.
Брат загінулага Мікалая заявіў грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі яму маральнай шкоды ў сувязі са смерцю брата на суму 30 тысяч рублёў. Кацярына пазоў не прызнала і сказала, што ў яе не было мэты забіваць мужа, так склаліся абставіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.