Шрайбман: навошта біць ядзернай зброяй па Варшаве, калі ёсць Вашынгтон?

“Іскандэр-М” у Беларусі. Комплекс можа несці ядзерную зброю / Міністэрства абароны
“Іскандэр-М” у Беларусі. Комплекс можа несці ядзерную зброю / Міністэрства абароны

Пуціну няма сэнсу біць па Польшчы ці Літве ядзернай зброяй — гэта занадта небяспечна для яго, лічыць палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. Ён падзяліўся з Еўрарадыё меркаваннем з нагоды заявы гісторыка Юрыя Фельштынскага аб тым, што ядзерны ўдар па гэтых краінах будзе не пазней за верасень 2023 года. Прычым з тэрыторыі Беларусі.

Тут трэба адказваць на пытанне, каб што, — кажа Арцём Шрайбман. — Для Пуціна гэта экзістэнцыйная рэч. Калі ён нападае на краіну NATO з ужываннем ядзернай зброі, даволі зразумела, які будзе адказ. Як любяць казаць самі расіяне, па цэнтрах прыняцця рашэнняў ў Расію прыляціць. Даволі хутка і даволі дакладна.

Калі вы — Пуцін, і вы прынялі рашэнне аб ужыванні ядзернай зброі, вы, напэўна, паспрабуеце гэта спачатку зрабіць так, каб не выклікаць у адказ удар NATO. Гэта, нажаль, удар па Украіне ці побач з Украінай.

Некаторыя вайсковыя эксперты кажуць пра дэманстрацыйныя ўдары па Чорным моры. Удары па тэрыторыі NATO — гэта апошняя ступенька. Навошта адразу заскокваць на апошнюю ступеньку — для мяне не відавочна.

Можа, Пуцін і звар’яцеў настолькі, каб зрабіць такі самагубны крок. Але чаму тады мішэнямі будуць Варшава і Вільнюс, а не Вашынгтон, пытаецца эксперт.

Вайсковага, стратэгічнага, палітычнага сэнсу я ў гэтым проста не бачу. Нават калі мы пераходзім у зону прымянення ядзернай зброі, з усіх пунктаў гледжання нашмат больш лагічна ўжываць яе там, дзе не гарантавана па табе прыляціць [у адказ. — Еўрарадыё]. У параўнанні з тым, дзе па табе гарантавана прыляціць. То бок за ўжыванне ядзернай зброі ў Чорным моры па Крамлю не прыляціць, але за ўжыванне яе па Вільнюсу ці Варшаве — амаль што дакладна, — рэзюмуе Шрайбман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі