Што хаваецца ад гледачоў у Вялікім тэатры оперы і балета (фота)

Самаму Вялікаму тэатру Беларусі 82 гады! З гэтай нагоды кіраўніцтва ўпершыню адчыняе дзверы ўстановы і запрашае гледачоў адзначыць юбілей разам. Строгія цётачкі-капельдынеры сёння больш пяшчотныя, а публіка разняволеная: можна проста пасядзець, паслухаць струнны квартэт ці міні-канцэрт у зале Ларысы Александроўскай, проста пабадзяцца ў свяшчэнных сцэнах, а можна далучыцца да экскурсіі і прайсціся па ўсім вялікім оперным горадзе з мноствам лабірынтаў і таемных закуткоў.


Дарэчы, журналістам шанцуе ў гэтым плане, магчыма, больш за ўсіх, бо нам дазваляюць не толькі пахадзіць па сцэне і ўявіць сябе Мантэкі з Капулеці ці Фігара ў крайнім выпадку, але і літаральна ўзняцца на 24 метры над сцэнай — патрапіць на знакамітыя калоснікі з адмысловымі маторамі, якія адказваюць за наварочаныя сцэнічныя канструкцыі.


"Крыху прыадкрыць закуліссе важна і для гледача, і для нас, — тлумачыць ідэю Дня адчыненых дзвярэй генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка. — Бо калі чалавек наведвае глядацкую зону, ён бачыць усё, што адбываецца, у адным фармаце - святочна, прыгожа і здорава. Але не кожнаму дадзена зразумець, што такое стварыць спектакль. А гэта - катаржная праца. І вось гэта глядач сёння можа ўбачыць частку з гэтага".


Тым часам мы выпраўляемся ў "бутафорскі" пакой, дзе захоўваюцца шпагі, маскі, кубкі (зробленыя, як апынаецца, з пластыкавых бутэлек), кветкі, падсвечнікі. І ў вялізную гардэробную з 55(!!!) тысячамі сцэнічных касцюмаў! І моль іх не бярэ, бо гардэробная знаходзіцца пад дахам, зімой там холадна, і моль там проста не выжывае. Потым вяртаемся на сцэну і назіраем, як вялікая каманда мужчын у камбенізонах рыхтуе дэкарацыі да "Прыгажуні, якая спіць".


Размаўляем пра знакамітую жырандолю, якая ўпрыгожвае галоўную залу тэатра. Яна важыць 1200 кілаграмаў, на ёй 30 тысяч падвесак, 500 лямпачак, кіламетр правадоў! Пасля рэканструкцыі тэатра тэхнікі жартуюць: калі жырандоля і зваліцца, дык толькі разам са столлю.


Перад развітаннем трапляем на рэпетыцыю навучэнцаў школы пры харэаграфічным каледжы — хлопчыкі і дзяўчынкі на пуантах спасцігаюць навуку балета. Назіраем за майстар-класам грымёраў, праведваем дэкаратараў, трапляем на ўрок вакалу... Вялікі тэатр оперы ўражвае маштабамі. Можна гадзінамі блукаць па яго лабірынтах, спрабуючы натрапіць на выйсце. А калі выходзіш, дык чуеш: "Дзверы  адзін у адзін як у Ля Скала!" і бачыш узнёслыя погляды школьнікаў і людзей абсалютна рознага ўзросту: толькі папярэдне на экскурсіі па тэатры запісаліся больш за 2000 чалавек!


"Сённяшняе свята мне прынесла вялікае задавальненне. І я ганаруся тым, што ў Беларусі ёсць такі тэатр! І вельмі прыемна, што тэатр распачынае такую традыцыю праводзіць сваё свята разам са сваімі гледачамі. Вось жадаю, каб гэтае свята і найдалей працягвалася", — гаворыць аматарка опернага мастацтва Таццяна.


У новым тэатральным сезоне тэатр пачне прадаваць падарункавыя сертыфікаты. А таксама разгледзіць ініцыятыву ўступлення ў "Europa Opera".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі