Шумчанка: Новыя ўмовы могуць стаць непад'ёмнымі для ІП у рэгіёнах
Старшыня грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" папярэджвае, што павышэнне падаткаў для ІП адаб'ецца на коштах.
Беларускія чыноўнікі падрыхтавалі праект прэзідэнцкага ўказу, у адпаведнасці з якім прадпрымальнікі змогуць прадаваць тавары без сертыфікатаў Мытнага саюза, але пры гэтым будуць вымушаныя плаціць большы падатак. У каментары Еўрарадыё старшыня РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка зазначыў, што ў падатковых інспекцыях ужо мусіць быць папера, дзе прадпісваюць працаваць з прадпрымальнікамі на ранейшых умовах. І гэта сведчыць пра тое, што ў бліжэйшы час пэўная частка кропак на рынках адновіць працу.
Праўда, Шумчанка адзначае, што кожны сам мусіць улічваць усе рызыкі, бо дагэтуль не адменены ўказ Лукашэнкі №222. Паводле яго, з 1 сакавіка прадпрымальнікі не маюць права гандляваць таварамі без сертыфікатаў.
Шумчанка: "Юрыдычна ўсе гэтыя заявы падатковых не могуць быць вышэй за дзейнасць указу №222. А ён нават не прыпынены! Я спытаў у прадстаўніцы Міністэрства па падатках і зборах: вы не будзеце правяраць, а іншыя? Яна сказала, што за іншых адказаць не можа”.
Да таго ж, на сёння невядома амаль нічога пра новы ўказ і яго ўмовы. Зразумела толькі, што ў выпадку гандлю без сертыфікатаў выплата адзiнага падатку будзе ўжывацца з павышальным каэфіцыентам 2 і выплата ПДВ будзе адбывацца ў павялічаных памерах.
Шумчанка: “Такі ўказ мусіць прымацца з улікам меркаванняў прадпрымальніцкай супольнасці. Мне падаецца, што павінна быць дыферэнцыяцыя. Бо, напрыклад, для мінскіх прадпрымальнікаў, якія працуюць у цэнтры, напрыклад, і багацейшыя, падатак будзе пад’ёмным. Але для прадпрымальнікаў, якія стаяць на рынках, ці з рэгіёнаў, якія і так зараз ледзь канцы з канцамі зводзяць, усё будзе значна горш!”
Шумчанка дадае, што такое новаўвядзенне абавязкова адаб’ецца і на коштах тавараў. І гэта наўрад ці стане прыемнай навіной для пакупнікоў. Але казаць штосьці еканкрэтнае пакуль рана. Варта дачакацца тэксту новага дакументу, падпісанне якога запланавана на бліжэйшы час.
Нагадаем, што з 1 сакавіка многія ІП спынілі гандаль, бо ў адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі №222 не маглі гандляваць таварамі лёгкай прамысловасці без сертыфікатаў Мытнага саюза.