Шумчанка: Заявы пра зніжэнне штрафаў для ІП гучаць здзекліва

Шумчанка: Заявы пра зніжэнне штрафаў для ІП гучаць здзекліва

Пакуль не прынятае канкрэтнае рашэнне наконт зніжэння штрафаў для індывідуальных прадпрымальнікаў за гандаль без сертыфікатаў, заявам чыноўнікаў прадпрымальнікі не павераць. Так кіраўнік Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка каментуе Еўрарадыё заяву дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Пятра Арушаньянца. У пятніцу ён паведаміў пра намер зменшыць памеры штрафаў за гэтае парушэнне ў 100 разоў.

Шумчанка: “Ніякіх канкрэтных рашэнняў на сёння і нават перадумоў для таго, каб гэта здарылася, мы не бачым. А да гэтых заяваў я заклікаю сур’ёзна не ставіцца, бо іх ўжо было зроблена шмат. Увогуле, гэтыя заявы гучаць здзекліва на фоне таго, што было абяцана на пасяджэнні працоўнай групы”.

На сённяшні дзень у Беларусі за парушэнне ўказу кіраўніка дзяржавы № 222 прадпрымальнікі абавязаныя заплаціць ад 200 да 500 базавых велічынь (ад 42 млн да 105 млн рублёў). Па словах Шумчанкі, падчас пасяджэння адпаведнай працоўнай групы прадпрымальнікам абяцалі да 9 сакавіка падрыхтаваць і накіраваць у Саўмін праект пастановы па амністыі для парушальнікаў указу №222, але гэтага так і не было зроблена.

Па словах Шумчанкі, нават калі штрафы і сапраўды будуць зніжаныя, гэта не вырашыць праблему, з якой сёння сутыкнуліся ІП:

“Пазіцыя “Перспектывы” — зняццё адказнасці з індывідуальных прадпрымальнікаў за сертыфікаты. Гэта нашая пазіцыя і мы яе будзем прытрымлівацца”.

З 1 студзеня 2016 года ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі павінны прадаваць тавары з сертыфікатамі, прыдатнымі для краін Мытнага саюза. Аднак большая частка беларускіх іпэшнікаў прызвычаілася закупляць тавары замежнай вытворчасці на расійскіх аптовых базах, дзе не даюць патрэбных дакументаў. Гэты тавар больш разнастайны і таннейшы за беларускі. Увядзенне новых правілаў прымусіла большасць прадпрымальнікаў прыпыніць працу. У Мінску і ў іншых гарадах прайшоў шэраг акцыяў пратэсту прадстаўнікоў дробнага бізнэсу.

Беларускія ўлады катэгарычна адмаўляюцца адмяняць указ №222, супраць якога і выступаюць прадпрымальнікі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі