СК: Расследаванне па "справе БЕЛТА" знаходзіцца на завяршаючай стадыі
Расследаванне крымінальнай справы аб "несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі" БЕЛТА знаходзіцца на завяршаючай стадыі, паведамляе ў Telegram прэс-служба Следчага камітэта. Галоўнаму рэдактару партала tut.by Марыне Золатавай выставілі абвінавачванне па артыкуле "Бяздзейнасць службовай асобы" (ч. 2 арт. 425 КК). Ёй пагражае штраф ці да 5 гадоў пазбаўлення волі. Яшчэ 14 фігурантам "справы БЕЛТА" абвінавачванні выставілі па артыкуле "Несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі" (ч. 2 арт. 349 КК), ім пагражае штраф, арышт ці абмежаванне волі на тэрмін да 2 гадоў, ці пазбаўленне волі на той жа тэрмін. Крымінальны пераслед Золатавай па гэтым артыкуле спынены. Усім журналістам былі выстаўленыя сумы страт — ад 3 да 17 тысяч рублёў.
Як інфармавала Еўрарадыё, у чацвер стала вядома, што ад крымінальнай адказнасці вызваленыя Паўлюк Быкоўскі і Уладзіслаў Кулецкі. СК адзначае, што іх хадайніцтвы аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці былі задаволеныя са згоды Генпракуратуры. Да іх будуць ужытыя "меры адміністрацыйнага ўздзеяння". Вядома, што Быкоўскага аштрафавалі на 735 рублёў.
Таксама СК удакладняе, што абвінавачаныя былі пастаўленыя на ўлік у адпаведнасці з законам "Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі". Такое рашэнне прынялі следчыя. Таксама падкрэсліваецца, што крымінальныя справы па артыкуле "Несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі" "з'яўляюцца справамі публічнага абвінавачвання, у сувязі з чым вытворчасць па іх не падлягае спыненню ў выпадку прымірэння бакоў".
"Справа БЕЛТА" пачалася ў жніўні, калі праваахоўнікі правялі ператрусы ў некалькіх рэдакцыях (tut.by, БелаПАН ды іншыя) і па месцы жыхарства журналістаў, якіх на некалькі дзён затрымлівалі. Іх абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да платнай навіннай падпіскі БЕЛТА. Большасці фігурантаў быў забаронены выезд з краіны.