Скандал: беларускія сцягі пад забаронай на чэмпіянаце свету па хакеі
На матчы Беларусь — Чэхія нашу каманду заўзятары падтрымлівалі і з бел-чырвона-белымі сцягамі ў руках. Аднак з'явілася паліцыя, ад якой беларусаў абаранілі шведы.
Адзін са сцягоў быў вялізны (была таксама і харугва з выявай герба "Пагоня"). Яго неаднаразова паказвалі падчас жывой трансляцыі на тэлеканале "Беларусь-2".
Арганізатары чэмпіянату свету па хакеі ў Швецыі выклікалі на беларусаў, якія прыйшлі на трыбуну падтрымаць зборную Беларусі па хакеі ў матчы з Чэхіяй, паліцыю. Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік “Беларускай Нацыянальнай Памяці” Анатоль Міхнавец, які быў непасрэдным удзельнікам канфлікту.
Арганізатарам чэмпіянату не спадабаліся бел-чырвона-белыя сцягі, якія вывесілі на матчы беларусы. Паводле хакейных функцыянераў, сцягі з’яўляюцца палітычнай сімволікай і не могуць выкарыстоўвацца. Калі паліцыя паспрабавала згарнуць бел-чырвона-белыя сцягі, на абарону беларусаў сталі шведскія заўзятары. У выніку беларускія сцягі змаглі правісець на трыбунах да канца матчу. Аднак арганізатары заявілі, што больш беларусаў з нацыянальнымі сцягамі на трыбуны не пусцяць.
Шведскі палітык: забарона беларускага сцяга — гэта ганьба
Нагадаем, што зборная Беларусі прайграла Чэхіі з лікам 0:2. Наступны матч беларусы правядуць у нядзелю, 5 траўня, з камандай Славеніі.
На здымку: У 2009 годзе на чэмпіянаце свету сябры "Беларускай Нацыянальнай Памяці" таксама падтрымлівалі беларускіх хакеістаў нацыянальнай сімволікай.
Фота сцягу на трыбуне ў Стакгольме — belsat.eu