Скандал на скандале: што трэба ведаць пра Чэмпіянат свету па футболе ў Катары

Колькасці скандалаў могуць пазайздросціць дэмакратычныя сілы Беларусі / фота Francois Nel
Колькасці скандалаў могуць пазайздросціць дэмакратычныя сілы Беларусі / фота Francois Nel

20 лістапада стартуе Чэмпіянат свету па футболе, які сёлета пройдзе ў Катары. Пачацца ён яшчэ не паспеў, але ўжо пэўна ўвойдзе ў гісторыю як самы скандальны ЧС.

Еўрарадыё распавядае, то такога зашкварнага ў гэтых спаборніцтвах. Спойлер: колькасці скандалаў могуць пазайздросціць дэмакратычныя сілы Беларусі. 

Катар даў хабар за права правядзення ЧС?

Былы прэзідэнт ФІФА Ёзэф Блатэр за 12 дзён да старту чэмпіянату свету даў інтэрв'ю, дзе растлумачыў, як менавіта Катару ўдалося перамагчы ў галасаванні на арганізацыю чэмпіянату свету па футболе. 

Скандал на скандале: што трэба ведаць пра Чэмпіянат свету па футболе ў Катары

Ёзэф Блатэр / АР

Выбары краіны-гаспадыні чэмпіянату свету па футболе 2022 года прайшлі 2-га снежня 2010 года ў Цюрыху. Сапернікамі Катара былі Аўстралія, ЗША, Рэспубліка Карэя і Японія. Па словах Блатэра, менавіта ЗША былі фаварытам на перамогу.

"Катар з'яўляецца невялікай краінай, выбар на карысць якой лічу памылкай. Мы дамаўляліся, што Расія будзе прымаць Кубак Свету-2018, а праз чатыры гады турнір будзе праведзены ў ЗША. Гэта было б жэстам міру, калі б два даўнія палітычныя апаненты арганізавалі турнір адзін за другім", —  распавёў Ёзэф Блатэр.

Экс-прэзідэнт ФІФА растлумачыў, што перад кангрэсам у яго кабінеце раздаўся званок ад прэзідэнта УЕФА Мішэля Плаціні. Той прызнаўся, што з ім звязаўся Нікаля Сарказі, які тады быў прэзідэнтам Францыі. Ён паабедаў са спадчынным прынцам Катара, пасля чаго пачаў аказваць ціск на футбольных чыноўнікаў.

"Плаціні спытаў мяне: "Што б ты зрабіў, калі б прэзідэнт цябе папрасіў пра нешта?". Я адказаў, што такое пытанне ніколі не прыходзіла мне ў галаву, таму што ў Швейцарыі няма прэзідэнта. Выйшла так, што дзякуючы чатыром галасам Плаціні чэмпіянат свету дастаўся Катару, а не ЗША", — растлумачыў Блатэр.

Былы футбольны чыноўнік упэўнены, што ўсё вырашылі грошы: праз паўгода Катар набыў у Францыі ваенныя знішчальнікі, за якія заплаціў за 14,6 млрд долараў ЗША.

Шпіянаж за ФІФА

Апроч гэтага ўлады Катара выдаткавалі $387 млн ​​на шпіянаж за высокапастаўленымі чыноўнікамі ФІФА. Гэта вынікае з расследавання Schweizer Radio und Fernsehen, якое сцвярджае, што грошы траціліся для таго, каб Катар не страціў права на правядзенне чэмпіянату свету па футболе.

Паводле інфармацыі крыніцы, агенты дзейнічалі на пяці кантынентах. Да шпіянажу былі датычныя вышэйшыя ўрадавыя колы Катара, у тым ліку цяперашні кіраўнік дзяржавы Тамім бін Хамад Аль Тані.

Для ажыццяўлення аперацыі Катар наняў амерыканскую кампанію Global Risk Advisors, якая складаецца ў асноўным з былых супрацоўнікаў амерыканскіх спецслужбаў.

Як удалося высветліць швейцарскім журналістам, нанятыя Катарам агенты ладзілі хакерскія атакі і праслухоўвалі гасцінічныя нумары ў швейцарскіх гатэлях, дзе спыняліся чыноўнікі. Мэта — своечасовае высвятленне намераў важных службовых асобаў ФІФА.

“Катар не хацеў дапусціць ніякіх змен у ФІФА. Ніякіх новых сяброўскіх адносін, ніякіх патэнцыйна небяспечных саюзаў - проста нічога, што магло б паставіць пад пагрозу правядзенне чэмпіянату свету”, — сцвярджаецца ў расследаванні.

Высокая смяротнасць на будаўніцтве стадыёнаў у Катары

Чэмпіянат каштаваў не толькі грошай, але і жыццяў людзей. З моманту атрымання ў 2010 годзе права на правядзенне кубка Катар сутыкнуўся з крытыкай праваабарончых арганізацый за абыходжанне з працоўнымі.

У 2016 годзе Amnesty International абвінаваціла ўлады ў выкарыстанні прымусовай працы пры ўзвядзенні адной з галоўных арэн — міжнароднага стадыёна "Халіфа". 

Скандал на скандале: што трэба ведаць пра Чэмпіянат свету па футболе ў Катары

"Халіфа " / АР

У лютым 2021 года газета The Guardian напісала, што ў 2010-х у Катары памерлі 6500 працоўных-мігрантаў з Індыі, Пакістана, Непала, Бангладэш і Шры-Ланкі. Эксперты па правах чалавека падкрэсліваюць, што вялізная колькасць загінулых аказалася ў краіне менавіта праз чэмпіянат свету па футболе.

Катарскія ўлады правялі ў апошнія гады некалькі сціплых рэформ у галіне працоўнага заканадаўства, але, паводле звестак Amnesty International, праблемы ў гэтай сферы застаюцца актуальнымі.

Стаўленне да сэксуальных меншасцяў

Чым бліжэй чэмпіянат, тым гучней патрабаванні байкатаваць яго праз палітыку дыскрымінацыі сэксуальных меншасцяў. Шэраг фанацкіх суполак ужо абвясцілі, што не паедуць на ЧС на знак салідарнасці з ЛГБТ-супольнасцю. У прыватнасці, пра гэта 1 лістапада заявіла частка фанатаў лонданскага "Арсенала". Яны таксама абвінавацілі ФІФА ў недастатковай увазе да гэтай тэмы.

Тым не менш 13 кастрычніка генеральны дырэктар Аргкамітэта ЧС-2022 Насер Аль-Хатэр заявіў, што прадстаўнікам ЛГБТ-супольнасці няма пра што турбавацца ў Катары. Ім дазволяць трымацца за рукі, дэманстраваць вясёлкавыя сцягі, але просяць з павагай ставіцца да мясцовай культуры і традыцый.

Адхіленне зборных 

Яшчэ вясной гэтага года права кваліфікавацца на турнір пазбавілі зборную Расіі — праз яе напад на Украіну. Гэтым справа не абмежавалася. 31 кастрычніка Федэрацыя футбола Украіны звярнулася ў ФІФА з просьбай адхіліць ад хуткага чэмпіянату свету зборную Ірана — праз пастаўкі Расіі зброі.

Пад ударам апынулася і зборная Туніса. Але тут справа ў канфлікце паміж прэзідэнтам Федэрацыі футбола Туніса Вадзіі Джары і міністрам моладзі і спорту краіны Камелем Дегішам. Апошняга абвінавачваюць ва ўмяшанні ў справы федэрацыі, што супярэчыць статуту ФІФА, які дэкларуе поўную незалежнасць нацыянальных федэрацый ад ціску з боку дзяржаўных структур.

Пакуль што абедзве каманды значацца ў турнірнай табліцы. 

“Свабода” СМІ

Напярэдадні старту чэмпіянату свету па футболе-2022 у Катары адбыўся скандальны эпізод з журналістамі.

Карэспандэнт з Даніі Расмус Тантольдт быў вымушаны спыніць прамы эфір пасля таго, як да яго з пагрозамі падышлі мясцовыя ахоўнікі.

Калі дацкаму журналісту забаранілі здымаць, ён задаў ахоўнікам пытанне: "Вы запрасілі сюды ўвесь свет, чаму мы не можам здымаць? Гэта ж грамадскае месца, у нас ёсць акрэдытацыя прэсы і дазвол на здымкі". У адказ ахоўнікі сказалі: "Калі вы не спыніце здымаць, мы разаб'ем камеру".

Нават пасля таго, як Тантольдт паказаў ім сваю акрэдытацыю і па-англійску патлумачыў, што ён журналіст, ахова спрабавала пазбавіцца ад здымачнай групы.

Журналіст выклаў ролік з нападам у свой Twitter. Там жа Тантольд пацвердзіў, што ўжо атрымаў прабачэнні ад Вышэйшага камітэта Катара. Але журналіст усё роўна пытаецца, ці ёсць гарантыі таго, што гэта не адбудзецца з іншымі прадстаўнікамі сусветных СМІ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі