Спецдакладчык ААН па Беларусі Харашці агучыў даклад па сітуацыі ў краіне

Харашці адзначыў, што з моманту прызначэння яго Саветам ААН па правах чалавека спецдакладчыкам па Беларусі ў 2012 годзе "ўважліва адсочваў сітуацыю ў краіне". Па яго словах, за апошні год сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў цэлым істотна не змянілася. 

Сярод станоўчых тэндэнцый за апошні год спецдакладчык ААН назваў папраўкі ў заканадаўства аб грамадскіх аб'яднаннях і палітычных партыях, якія набылі моц у лютым 2014 года. Таксама ён адзначыў вызваленне па амністыі вядомага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, перадае БелаПАН

У той жа час Харашці заявіў, што дзейнасць грамадзянскай супольнасці паралізуюць тры асноўныя фактары: дазвольны прынцып рэгістрацыі аб'яднанняў і масавыя адмовы ў рэгістрацыі, якія вынікаюць з гэтага, крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ды яе фінансаванне. 

Харашці паведаміў, што так і не змог пабываць у Беларусі. Ён выказаў надзею, што беларускія ўлады ўсё ж пагодзяцца супрацоўнічаць са спецдакладчыкам і запросяць яго наведаць краіну. 

У адказ прадстаўнік Беларусі заявіў, што даклады аб сітуацыі ў Беларусі пішуцца спецдакладчыкам пад дыктоўку з Брусэля. Ён ацаніў даклады і дзейнасць спецдакладчыка як спробу ўмяшання ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы. У прыватнасці, ён спаслаўся на тое, што спецдакладчык ААН будуе свой даклад на замежных крыніцах, а ўнутрыбеларускія лічыць непраўдзівымі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі