Спісы невыязных скароцяць за кошт зняволеных

Пра гэта Еўрарадыё распавёў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун.

Аляксей Бягун: “Калі мы месяц адпрацуем, альбо два месяцы, альбо паўгода — тады я змагу сказаць, якая ідзе дынаміка”.

Нагадаем, што 30 сакавіка набыў моц закон “Пра парадак выезду з Беларусі”. Анансуючы яго, у Міністэрстве ўнутраных спраў заяўлялі, што ў хуткім часе колькасць беларусаў, якім забаронены выезд за мяжу, паменшыцца ледзь не ўдвая. Зараз жа ў гэтым спісе значацца каля 100 тысячаў чалавек. Але цяпер начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі раіць не спяшацца з прагнозамі аб хуткім памяншэнні колькасці невыязных.

Аляксей Бягун: “Старых жа падставаў мы не адмянілі. І людзі, якія трапілі ў спіс па старых падставах, яны ж у ім засталіся. Можна будзе казаць пра тое, што нешта змянілася, праз некаторы час толькі”.

Еўрарадыё пацікавілася, за кошт якой катэгорыі правапарушальнікаў плануюць у МУС зменшыць колькасць невыязных. Як высветлілася, у першую чаргу гэта будзе датычыцца тых, хто і так не мае ніякай магчымасці трапіць на турэцкія пляжы.

Аляксей Бягун: “У спіс уключалі асоб, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. А які сэнс уключаць іх, калі яны і так сядзяць у турме?! Іх там не будзе, мы перагледзім, вядома, усе рашэнні”.

З улікам таго, што пералік парушэнняў, за якія можа быць часова абмежаваны выезд з краіны, не зменшыўся, можна казаць, што скарачаць спіс невыязных будуць у першую чаргу за кошт зняволеных, для якіх гэтая “палёгка” не мае ніякага сэнсу. Адзіная змена — часова выключацца са спісу будуць грамадзяне, якія накіроўваюцца за мяжу на лячэнне ці пахаванне блізкага сваяка. Для ўсіх астатніх нічога не змянілася. Па-ранейшаму ў пералік невыязных уключаюць асоб, якія падазраюцца ці абвінавачваюцца ў здзяйсненні крымінальных злачынстваў, асуджаныя, ўхіляюцца ад мерапрыемстваў па прызыве ў войска, якія валодаюць інфармацыяй, што змяшчае дзяржтаямніцу. А таксама тых, хто праходзіць у якасці даўжнікоў па справах наконт банкруцтва альбо аліментаў.

Таксама праваахоўнікі абяцалі, што звесткі аб уключэнні чалавека ў спіс невыязных будуць паведамляць яму не пазней чым праз адзін дзень пасля прыняцця гэтага рашэння. Але і тут за некалькі дзён дзеяння новага закона нічога пакуль не змянілася.

Аляксей Бягун: “Указ прэзідэнта па гэтым пытанні яшчэ не прыняты — ідзе дапрацоўка. Пакуль мы думаем: які будзе механізм паведамлення аб уключэнні ў спіс”.

Таму самым надзейным сродкам, каб засцерагчыся ад непрыемных нечаканасцяў на мяжы, застаецца зварот у аддзел па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства напярэдадні выезду. Працэдура, як патлумачылі Еўрарадыё супрацоўнікі такога аддзела Маскоўскага раёна Мінска, вельмі простая.

Аддзел па грамадзянстве і міграцыі: “З пашпартам прыходзіце асабіста да нас. Па тэлефоне не прадаюцца такія дадзеныя. Падыходзьце, калі цікавіцеся, і ўсё. Бо так нічога з законам не змянілася”.

А іх калегі з Першамайскага раёна сталіцы паабяцалі, што неабходную даведку дадуць цікаўнаму цягам 5 хвілін.

Аддзел па грамадзянстве і міграцыі: “Пяць хвілін пачакаеце — дамо даведку на рукі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі