Стала вядома, за што праваабаронцу Насту Лойка трымалі на марозе некалькі гадзін

Наста Лойка / Еўрарадыё
Наста Лойка / Еўрарадыё

Стала вядома, за што праваабаронцу Насту Лойка на Акрэсціна выводзілі без вопраткі ва ўнутраны дворык на некалькі гадзін. Пра гэта праваабаронцам распавяла адна з былых арыштантак Акрэсціна.

Як распавядала Еўрарадыё, на адным з судоў Лойка паведаміла, што супрацоўнік ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на некалькі гадзін. Пасля гэтага яна захварэла.

"Насту аднойчы выгналі ў дворык за тое, што яна напісала скаргу на тое, што тых, хто ездзіў на працу на сметнік, доўга трымалі ў дворыку на марозе, то бок трымалі ў неналежных умовах. На гэта міліцыянт Цішачкін сказаў, што яна цяпер пойдзе і паглядзіць сама, як гэта. Яе адправілі на 5-6 гадзін у гэты дворык. Ён прасіў потым Насту, каб яна не пісала скаргі", — перадае "Вясна" словы былой арыштанткі Акрэсціна.

Таксама яна распавяла, што Лойка хацела абвясціць галадоўку, але ёй не далі паперу і асадку, каб напісаць заяву.

Насту Лойка затрымалі па адміністрацыйнай справе, але на мінулым тыдні на яе пачалі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА. Яе вінавацяць па двух артыкулах. Вядома, што адзін з іх — дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі