Стала вядома імя беларуса, які пацярпеў у "Крокус Сіці Холе"
Алім Кашавараў
Пацярпелым у тэракце ў Маскве беларусам аказаўся Алім Кашавараў. Яго імя Еўрарадыё знайшло ў спісе ахвяраў нападу, апублікаваным учора расійскімі медыкамі.
"Наша Ніва" высветліла, што 43-гадовы мужчына — ураджэнец Бабруйска, які апошнім часам працаваў у Расіі.
"Ён атрымаў дзве кулі, у грудзі і ў жывот. Малюся, каб ты выжыў", — такі каментарый пакінуў хтосьці з сяброў на старонцы Кашаварава ў Instagram.
Цяпер беларус знаходзіцца ў Боткінскай лякарні ў Маскве ў цяжкім стане — ён значыцца ў афіцыйным спісе пацярпелых учора ў "Крокус Сіці Хол".
Тэракт у "Крокус Сіці Хол" адбыўся ўвечары 22 сакавіка. Узброеныя мужчыны ўварваліся ў канцэртную залу і пачалі страляць. Таксама яны разлілі гаручую вадкасць і падпалілі яе. Відавочцы расказваюць, што чулі выбухі.
Пачаўся пажар, ахвярамі якога таксама стала шмат людзей. Сярод цяжка параненых ёсць грамадзянін Беларусі. За ягонае жыццё змагаюцца лекары.
Нападаючыя з'ехалі з месца здарэння на белым "Рэно" (паводле некаторых звестак, аўтамабіляў было два). Іх шукалі некалькі гадзін. Раніцай 23 сакавіка з'явілася інфармацыя, што ФСБ Расіі ў сувязі з нападам на "Крокус Сіці Хол" затрымала 11 чалавек. З іх чацвёра — непасрэдныя выканаўцы тэракту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.