Суд па "справе БелаПАН" пачнецца 6 чэрвеня
Суд па "справе БелаПАН" пачнецца 6 чэрвеня, паведамляе Sputnik са спасылкай на Мінскі абласны суд.
Працэс пройдзе ў будынку суда Мінскага раёна і будзе закрытым.
Па "справе БелаПАН" абвінавачваюць чатырох чалавек — Ірыну Леўшыну, Ірыну Злобіну, Андрэя Аляксандрава і Дзмітрыя Наважылава. Усе яны, акрамя Злобінай, сваім часам працавалі ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН, якое пазней улады прызналі "экстрэмісцкім фармваннем". (18 жніўня 2021 года ў інфармагенцтве адбыліся ператрусы, сайт БелаПАН перастаў працаваць.)
Наважылава і Аляксандрава вінавацяць ва ўхіленні ад падаткаў. Аляксандрава і Злобіну — у "фінансаванні пратэстаў": яны перадавалі рэпрэсаваным матэрыяльную дапамогу ад фонду By_Help. Па гэтым абвінавачанні следчыя налічылі ажно чатыры мільёны долараў.
Агулам у справе фігуруюць абвінавачанні па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў), ч. 2 арт. 342 (іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч.1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.