Супраць увядзення пошліны на выезд за мяжу сабралі 17 тысяч подпісаў
Збор подпісаў праходзіць у інтэрнэце.
Больш за 17000 падпісантаў заклікаюць Аляксандра Лукашэнку і іншых кіраўнікоў краіны адмяніць даручэнне аб пошліне ў 100 долараў для беларусаў, якія выязджаюць за мяжу. Збор подпісаў працягваецца.
Як вядома, з прапановай браць "па 100 долараў з носа" з тых, хто едзе на шопінг у замежжа на мінулым тыдні выступіў Аляксандр Лукашэнка. 11 верасня віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч пацвердзіў, што гэта не жарт і што ўжо праз месяц такую пошліну могуць увесці.
Пётр Пракаповіч: “Вывучаем сітуацыю: і колькасць людзей, і з якой мэтай, кожны дзень ездзяць ці праз дзень. Бо сапраўды, сітуацыя не простая. У мінулым годзе мы ў Літву-Польшчу вывезлі 3 мільярды долараў. Але гэта не гаворыць пра тое, што мы нічога там не прадаём. Нашы людзі там прадаюць цыгарэты, паліва – зарабляюць на гэтым рынку”.
Пракаповіч адзначыў у размове з Еўрарадыё, што хутчэй за ўсё гэта пошліна будзе датычыцца тых, хто вязе тавары на перапродаж, а не для сябе.
Тым часам пачынаецца кампанія супраць увядзення пошліны на выезд за мяжу. Яна мае назву "Пошли на...".
Фота — bymedia.net