Сурыкаў не ўпэўнены, што Расія сёлета дасць Беларусі стабкрэдыт

Амбасадар Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў не ўпэўнены, што пытанне аб вылучэнні Беларусі стабілізацыйнага крэдыту атрымаецца вырашыць сёлета. Разам з тым ён парэкамендаваў міністэрству фінансаў нашай краіны актыўней займацца гэтым пытаннем. Сурыкаў прызнаў, што фармальныя падставы для прадастаўлення крэдыту ёсць, бо Беларусь перагледзела ў кастрычніку свой бюджэт, і ён з прафіцытнага стаў дэфіцытным.

Стабкрэдыт выдаецца выключна на стабілізацыю эканомікі пры наяўнасці шэрагу ўмоў, у ліку якіх і дэфіцыт бюджэту, паведамляе “Інтэрфакс”.

Нагадаем, раней са спасылкай на ананімную крыніцу ў Мінфіне Расіі паведамлялася, што ў верасні-кастрычніку расійскія фінансісты збіраліся падрыхтаваць і занесці ва ўрад папраўкі ў бюджэт бягучага года, якія прадугледжваюць прадастаўленне крэдыту Беларусі.

Нядаўна міністр фінансаў нашай краіны Мікалай Корбут заявіў, што Беларусь па-ранейшаму разлічвае атрымаць сёлета 1 мільярд долараў расійскага стабілізацыйнага крэдыту. Паводле яго слоў, у гэтым годзе Беларусь папрасіла 1 мільярд долараў.

Яшчэ 500 мільёнаў — у наступным. Ён адзначаў, што ў працоўным парадку з Мінфінам Расіі гэтыя сумы ўзгодненыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі