Сусветны банк заявіў пра згортванне ўсіх праграм у Беларусі і Расіі

Будынак Сусветнага банка
Будынак Сусветнага банка

Сусветны банк (СБ) спыняе ўсе свае праграмы ў Беларусі і Расіі ў сувязі з сітуацыяй ва Украіне. Пра гэта гаворыцца ў пісьмовай заяве гэтай фінансавай арганізацыі. 

"Сусветны Банк не ўхваліў ні аднаго новага крэдыту або інвестыцый у Расію з 2014 года. З сярэдзіны 2020 года таксама не было ўхваленае ніводнае новае прадастаўленне крэдыту Беларусі. Пасля расійскага ўварвання ва Украіну і ваенных дзеянняў супраць народа Украіны СБ неадкладна спыніў усе свае праграмы ў Расіі і Беларусі", — гаворыцца ў дакуменце.

У цяперашні час супрацоўніцтва Беларусі з СБ вызначаецца рамачнай Стратэгіяй на 2018-2022 гады. У 2019 годзе, да прыкладу, бакі падпісалі тры крэдытныя пагадненні на агульную суму ў 270 мільёнаў еўра. Грошы мусілі пайсці на павышэнне эфектыўнасці і якасці камунальных паслуг, пашырэнне ўстойлівага энергакарыстання і на мадэрнізацыю сістэмы адукацыі.

Рэалізацыя гэтых праектаў, мяркуючы па ўсім, працягвалася і пасля падаўлення пратэстаў у 2020-2021 гадах, калі многія іншыя міжнародныя інстытуты згортвалі супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі. Але, да прыкладу, рэалізацыя сумеснага праекта "Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь", у рамках якога СБ выдзеліў краіне 100 мільёнаў еўра, ішла і ў мінулым годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі