Святлана Алексіевіч назвала прысуд Надзеі Саўчанка варʼяцтвам улады

Святлана Алексіевіч назвала прысуд Надзеі Саўчанка варʼяцтвам улады

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч у гутарцы з Радыё "Свабода" пракаментавала прысуд украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка. Як вядома, расійскі суд прызначыў палоннай украінцы 22 гады зняволення.

"Гэта ўжо не проста злачынства ўлады, гэта нейкае варʼяцтва ўлады, якая ўжо знаходзіцца ў нейкім экстазе ад сваіх магчымасцяў і ад сваёй беспакаранасці. Бо ўсім жа відавочна, што гэта палітычны працэс, які не мае пад сабой ніякіх падстаў. Што судзяць не Надзею Саўчанка, а судзяць Украіну. Украіне хочуць паказаць, свету хочуць паказаць, што, маўляў, ніхто нам не ўказ. Але ўсё гэта нагадвае нейкае варʼяцтва. Нейкую агонію. Бо палітыка ўсё ж, як бы там ні было, гэта разумныя дзеянні ў пэўнай ступені. А гэта ўсё нават не разумна.

Мы ўсе захопленыя мужнасцю Надзеі, мы ўсе яе не пакінем і будзем далей за яе ўсе змагацца. І ўсё-ткі я спадзяюся, што мы пераможам. Ну не могуць жа яны быць мацнейшыя за ўсіх нас", — заявіла пісьменніца.

Раней Алексіевіч і яшчэ амаль 300 дзеячаў навукі, культуры, бізнэсу з усяго свету падпісалі зварот да еўрапейскіх лідараў у абарону палоннай украінскай лётчыцы. Сама нобелеўская лаўрэатка перадала Саўчанка свае кнігі з дарчым надпісам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі