Сям'я з Францыі 200 гадоў захоўвала карціну і прадала за 9 мільёнаў долараў

Праца Жана-Анарэ Фраганара / СNN
Праца Жана-Анарэ Фраганара / СNN

Сям'я з французскага горада Марна больш за 200 гадоў захоўвала карціну, перадаючы з пакалення ў пакаленне, забыўшы з часам імя аўтара. Але днямі вырашыла аддаць карціну на ацэнку Антуану Пеці — спецыялісту па ацэнцы кошту мастацтва кампаніі Cabinet Turquin, піша СNN.

Пеці ўбачыў карціну 45,8 на 57 сантыметраў, пакрытую пылам, на сцяне. "Я падумаў, што гэта прыгожа", — кажа ацэншчык мастацтва. Зняўшы карціну, каб разгледзець бліжэй, Пеці ўбачыў слова "Фраганар", напісанае на абароце чорнымі чарніламі. Гэта была праца Жана-Анарэ Фраганара — аднаго з найлепшых мастакоў XVIII стагоддзя.

На карціне, напісанай алеем на палатне авальнай формы, намаляваны сівы мужчына, які схіліўся над кнігай. Па словах Пеці, карціна датуецца 1768-1770 гадамі. У гэты перыяд Фраганар скончыў сваё вучнёўства і маляваў усё, што хацеў, замест таго каб выконваць працы на заказ для кліентаў. Прыкладна ў той жа час Фраганар стварыў серыю ўяўных партрэтаў, і, згодна з каталогам аўкцыёну, "гэта, імаверна, адзін з самых ранніх прыкладаў".

Уладальнікі рэдка чапалі або перамяшчалі карціну, таму яна захавалася ў цудоўным стане. Спачатку спецыяліст ацаніў палатно ў 1,5-2 мільёны еўра, аднак падчас аўкцыёну за карціну пагадзіліся даць значна больш — 9,1 мільёна долараў.

"Такія працы ў модзе", — пракаментаваў продаж Пеці, адмовіўшыся назваць імя пакупніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі