Сёлета ў Беларусі выявілі больш за 1500 чалавек, якія жывуць не па сродках
Напрыклад, у Баранавіцкім раёне мужчына не змог патлумачыць, адкуль ён узяў 50 тысяч долараў на пакупку двух дарагіх аўтамабіляў.
У Беларусі ў студзені-сакавіку сёлета падаткавікі выявілі 1521 чалавека, які жыве не па сродках. Пра гэта падчас онлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асобаў Міністэрства па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка. Паводле яе слоў, за першыя тры месяцы мінулага года такіх людзей было толькі 849. Такім чынам, сёлета парушальнікаў заканадаўства аб дэклараванні даходаў і маёмасці знайшлі амаль удвая больш.
У бюджэт дадаткова было спагнана 10 млрд 700 млн рублёў (у 2,7 разы больш, чым за аналагічны перыяд 2014-га).
Газета Intex-press распавяла пра выпадак у Баранавіцкім раёне, калі індывідуальны прадпрымальнік не змог патлумачыць, адкуль ён узяў 50 тысяч долараў на пакупку двух дарагіх аўтамабіляў — "БМВ 520" і мікрааўтобуса "Спрынтар". Паводле дакументаў, за два гады ён працаваў толькі 7 месяцаў. Паколькі перавышэнне выдаткаў над даходамі склала больш за 190 млн рублёў, мужчыне давялося заплаціць амаль 23 млн рублёў падаходнага падатку.
Фота: Fotolia