Telegram быў недаступны некалькі гадзінаў праз адключэнне электрычнасці
Папулярны месэнджэр Telegram быў недаступны болей за 4 гадзіны. Кіраўніцтва кампаніі звязала гэта з адключэннем электрычнасці ад сервераў у раёне Амстэрдама. Сёння прыкладна апоўначы заснавальнік Telegram Павел Дураў напісаў у Твітэры, што серверы перагрэліся і гэта можа выклікаць праблемы з падключэннем для еўрапейскіх карыстальнікаў.
Збой закрануў краіны Еўропы, Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, а таксама СНД. Раніцай у нядзелю доступ да месенджэра быў адноўлены.
Як перадае ВВС, праблемы з падачай электраэнергіі ў Амстэрдаме сапраўды былі і цяпер высвятляюцца прычыны гэтай сітуацыі.
Telegram цяпер спрабуюць заблакаваць у Расіі паводле рашэння суда, бо кіраўніцтва кампаніі не пайшло на супрацоўніцтва са спецслужбамі, як гэтага патрабуе заканадаўства. Спрабуючы абмежаваць доступ да сервіса, блакуюцца сеткавыя адрасы амерыканскіх кампаній Amazon, Google і Digital Ocean, якія Telegram выкарыстоўваў для абыходу блакіроўкі. Нягледзячы на такія захады, сервіс застаецца даступным для многіх расійскіх карыстальнікаў.