Траіх з дзесяці пацярпелых у аварыі пад Пружанамі завезлі ў бальніцу ў Брэст
Аўтобус з людзьмі перакуліўся
У Міністэрстве аховы здароўя расказалі пра стан 10 пацярпелых у аварыі ў Пружанскім раёне. Там раніцай у сераду сутыкнуліся аўтобус і мікрааўтобус, трое чалавек загінулі. Дзясятак чалавек з аўтобуса, якія атрымалі траўмы, завезлі ў Пружанскую цэнтральную раённую бальніцу. Там правялі дыягностыку, аказалі меддапамогу. Траіх чалавек, якія знаходзіліся ў найбольш цяжкім стане, на рэанімабілях завезлі ў Брэсцкую абласную клінічную бальніцу і змясцілі ў рэанімацыю. Для правядзення рэспубліканскага кансіліуму і аказання дапамогі ў Брэст выехала брыгада лекараў РНПЦ са сталіцы.
Іншыя сем пацярпелых застаюцца ў траўматалогіі пружанскай бальніцы. Іх стан ацанілі як сярэдняй ступені цяжкасці.
Трагічнае здарэнне адбылося ў сераду каля 7-й раніцы. Кіроўца мікрааўтобуса Mercedes-Benz, рухаючыся па другараднай дарозе, не саступіў дарогу аўтобусу МАЗ, які ехаў па галоўнай дарозе. У выніку адбылося сутыкненне, і аўтобус, у салоне якога знаходзіліся 12 чалавек, перакуліўся. Загінуў 24-гадовы кіроўца Mercedes і два пасажыры аўтобуса (45-гадовы мужчына і 17-гадовая дзяўчына).
Крымінальную справу распачалі па артыкуле "парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць двух або больш асоб".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.