"Беларуськалій" падаў іскавую заяву супраць Літвы

Раней "Беларуськалій" хацеў атрымаць ад Літвы мільярд еўра

Раней "Беларуськалій" хацеў атрымаць ад Літвы мільярд еўра / Euroradio

"Беларуськалій" падаў іскавую заяву супраць Літвы ("у рамках міжнароднага інвестыцыйнага арбітражу"). Прычынай сталі санкцыі, уведзеныя гэтай краінай супраць беларускага прадпрыемства. Апошняе называе іх "незаконнымі дзеяннямі", якія парушылі правы "Беларуськалія" "як замежнага інвестара".

Раней "Беларуськалій" спрабаваў судзіцца з Літвой за адмову транспартаваць калійныя ўгнаенні і выстаўляў рахунак на мільярд еўра. Літва скасавала пагадненне пра перавозку беларускіх угнаенняў "з меркаванняў нацыянальнай бяспекі" ў лютым 2022-га (яны адпраўляліся праз порт у Клайпедзе). ЕС і ЗША ўвялі забарону на іх экспарт яшчэ ў 2021 годзе. Каб дамагчыся зняцця санкцый, Аляксандр Лукашэнка прадказаў свету... голад (не спрацавала).

Сёлета суд ЕС не зняў санкцыі з "Беларуськалія", яго гендырэктара Івана Галаватага і Беларускай калійнай кампаніі. Аргументы беларускага боку ён палічыў недастатковымі. Аднак гендырэктар "Беларуськалія" Андрэй Рыбакоў паабяцаў, што прадпрыемства працягне дамагацца адмены санкцый. "Адпрацаваўшы некалькі гадоў у новым фармаце, выбудаваўшы новыя механізмы і лагістычныя рашэнні, мы больш дакладна ацанілі нанесеную нам шкоду, — кажа ён. — І мы выстаўляем у гэтым пазове ўсе нашы прэтэнзіі з халодным разлікам для таго, каб дамагчыся ад адказчыка поўнай кампенсацыі гэтых выдаткаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі