У 4-ы пакет санкцый ЕС супраць уладаў Беларусі могуць трапіць 50 чалавек
У чацвёрты пакет санкцый ЕС супраць уладаў Беларусі могуць трапіць 50 чалавек. Пакуль невядома, ці трапяць у "чорны спіс" і чарговыя кампаніі. "Чацвёрты пакет, хутчэй за ўсё, будзе ўжыты да груп прыватных асоб, і гэта будзе значны пакет", — паведаміў Reuters адзін з дыпламатаў Еўрасаюза.
Напярэдадні кіраўнік еўрапейскай дыпдаматыі Жазэп Барэль выказаў спадзяванне, што ў бліжэйшыя тыдні будуць прынятыя новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі. Ён мяркуе, што гэта адбудзецца ў чэрвені 2021-га. "У Беларусі рэжым працягвае рэпрэсіі і запалохванне сваіх грамадзян, — заявіў Барэль. — Цяпер ён пераследуе і польскую абшчыну". Паводле яго слоў, "усё, што адбываецца ў краіне", будзе ўлічана ў чацвёртым пакеце санкцый.
Першыя тры пакеты санкцый ЕС былі прынятыя ў кастрычніку-снежні 2020 года. У "чорны спіс" трапілі 88 чалавек — чыноўнікі і сілавікі. Пад санкцыямі знаходзіцца і Аляксандр Лукашэнка. Таксама ў санкцыйным спісе 7 прадпрыемстваў і ўстаноў. Так Брусель адрэагаваў на фальсіфікацыю вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, на масавае парушэнне правоў чалавека, на гвалт сілавікоў у дачыненні мірных пратэстоўцаў.
У Мінску пагражаюць "контрсанкцыямі". Аляксандр Лукашэнка даручыў папярэдзіць еўрапейцаў пра наступствы чарговых санкцый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.