У Аўстрыі прапануюць перадаць у Гаагу доказы злачынстваў рэжыму Лукашэнкі
Дзеці з акупаваных тэрыторый Украіны ў вагоне цягніка на мінскім вакзале. Вясна 2023-га / sb.by
Кіраўнік МЗС Аўстрыі Аляксандр Шаленберг прапанаваў перадаць у Гаагу доказы пра злачынствы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ён сустрэўся ў Вене з кіраўніцай Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святланай Ціханоўскай. Яна перадала справаздачу Народнага антыкрызіснага ўпраўлення пра датычнасць рэжыму Лукашэнкі і прадпрыемстваў, звязаных з "Беларуськаліем", да вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Шаленберг лічыць, што доказы павінен атрымаць Міжнародны крымінальны суд для правядзення расследавання.
У траўні стала вядома, што Украіна расследуе ролю Беларусі ў прымусовай перадачы дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый. Павел Латушка і прадстаўнікі НАУ 30 траўня ў Кіеве перадалі прадстаўнікам Генеральнай пракуратуры Украіны доказы ваенных злачынстваў, учыненых рэжымам Лукашэнкі ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей.
Сёлета за дэпартацыю дзяцей і мірнага насельніцтва з акупаваных тэрыторый Украіны Міжнародны крымінальны суд выдаў ордары на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прызнала, што да выкрадання ўкраінскіх дзяцей мае дачыненне і Аляксандр Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.