У Бахмуце паранены добраахвотнік Дзяніс Урбановіч, гэта яго 4-е раненне на вайне
Дзяніс Урбановіч / t.me/dzianisurbanovich/
У Бахмуце ва Украіне паранены беларускі добраахвотнік Дзяніс Урбановіч (пазыўны "Ваўкалак"), піша "Наша ніва" са спасылкай на яго пабрацімаў. Раненне байца батальёна "Волат" палка Каліноўскага характарызуюць як "не цяжкае". Ён знаходзіцца на лячэнні.
Для Урбановіча гэта чацвёртае раненне на вайне ва Украіне. У канцы траўня 2022-га Урбановіч быў кантужаны, калі каліноўцы выконвалі баявую задачу на поўдні Украіны. Пэўны час правёў у шпіталі. У сярэдзіне снежня ў яго руку патрапіў аскепак. У пачатку студзеня 2023-га добраахвотнік зноў быў паранены, на гэты раз было кулявое раненне.
У Беларусі Дзяніс Урбановіч кіраваў "Маладым фронтам". Падчас рэпрэсій быў вымушаны выехаць за мяжу. У сакавіку сёлета Рада БНР узнагародзіла яго медалём "За баявыя заслугі".
Напярэдадні стала вядома, што ў баі ў Бахмуце загінуў адзін беларускі добраахвотнік, а чацвёра зніклі без вестак, некалькі чалавек былі параненыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.