У Беларусі могуць стварыць новае міністэрства

У Беларусі працягваецца праца па стварэнні Міністэрства прамысловай палітыкі. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на намесніка міністра прамысловасці Паўла Уцюпіна.

Па яго словах, гэтае пытанне цяпер абмяркоўваецца на ўзроўні экспертаў. Хутчэй за ўсё, новае міністэрства будзе створанае на базе Міністэрства прамысловасці. Яно мусіць выпрацоўваць прамысловую палітыку як унутры Беларусі, так і за яе межамі.

Чыноўнік адзначыў, што ў Міністэрства прамысловасці ўваходзіць каля 250 прадпрыемстваў. У іх міністэрства прадстаўляе дзяржаву ў органах кіравання. "З іншага боку, мы выпрацоўваем палітыку, свае прапановы, якія знаходзяць ці не знаходзяць адлюстраванне пры прыняцці рашэнняў на ўзроўні Савета міністраў", — сказаў Уцюпін. Такую ж функцыю ў сваіх галінах выконваюць такія канцэрны, як "Белнафтахім", "Беллегпрам", "Белдзяржхарчпрам", "Беллеспаперапрам". Таму і ўзнікла ідэя стварыць міністэрства, якое аб'яднала б усе намаганні па выпрацоўцы прамысловай палітыкі.

Пра тое, што Міністэрства прамысловасці плануецца пераўтварыць у Міністэрства прамысловай палітыкі, паведаміў 31 кастрычніка 2013 года першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. Ён разлічваў, што новае міністэрства пачне дзейнічаць з 2015 года.

Фота — bobruisk.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі