У Беларусі правераць школы
У Беларусі правераць школы. На даручэнне Аляксандра Лукашэнкі ствараецца міжведамственная працоўная група, якая будзе гэтым займацца. Як інфармуе прэс-служба Камітэта дзяржкантролю, у яе складзе будуць кантралёры, ратавальнікі, супрацоўнікі Мінадукацыі, апарату Саўміну, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Дзяржстандарту. Кіраўнікамі групы прызначаны намеснік старшыні КДК Аляксандр Курлыпа і міністр адукацыі Ігар Карпенка. Такія ж працоўныя групы з'явяцца і ў рэгіёнах. Ужо адбылася арганізацыйная нарада ў КДК, якой кіраваў яго старшыня Леанід Анфімаў. Акрамя прадстаўнікоў згаданых вышэй ведамстваў удзельнічаў намеснік прэм'ера Ігар Петрышэнка.
Што будзе цікавіць чыноўнікаў падчас праверак школ? Найперш, ці адпавядаюць адпаведным дзяржстандартам умовы знаходжання дзяцей у школах. Гэта і вентыляцыя, і стан сістэм ацяплення, і выкананне мер бяспекі, санітарных нормаў. Кантралёры вырашылі стварыць "гарачыя лініі", на якія грамадзяне змогуць паведамляць пра праблемы ў школах.
Праверкі стартуюць у лістападзе і мусяць завяршыцца да канца гэтага года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.