У Беларусі прыватнікам дазволілі аптовы гандаль алкаголем і тытунём
У Беларусі змяняюцца патрабаванні для прэтэндэнтаў на атрыманне ліцэнзіі на аптовы гандаль алкагольнымі напоямі і тытунёвымі вырабамі. Змены прадугледжаныя дакументамі, якія 6 кастрычніка падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Выйшаў яго дэкрэт №6, паводле якога ўносяцца змены ў дэкрэт №28 ад 17 снежня 2002 года “Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў”.
Таксама сёння падпісаны ўказ №415, які ў сваю чаргу ўносіць змены ва ўказ №450 ад 1 верасня 2010 года “Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці”.
Цяпер для атрымання ліцэнзіі на аптовы гандаль алкагольнымі і тытунёвымі вырабамі кампанія не абавязаная мець у статутным фондзе долі дзяржавы не меншай за 25%. Такім чынам, прэтэндаваць на ліцэнзію можна незалежна ад формы ўласнасці юрыдычнай асобы, інфармуе БЕЛТА.
Фота: rbc.ru