У Беларусі рыхтуецца новы ўказ па аплаце "камуналкі"

У Беларусі рыхтуецца новы ўказ па аплаце "камуналкі"

Аплата жыллёва-камунальных паслуг не павінна перавышаць 15-20% сямейнага даходу. Пра гэта заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч 2 сакавіка на сустрэчы з калектывам Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Па яго словах, чакаецца выхад новага ўказа па "камуналцы". Урад і Савет Рэспублікі падрыхтавалі ўжо неабходныя матэрыялы.

"Калі выдаткі на аплату ЖКП у горадзе перавышаюць 20% сукупнага даходу сям'і (уключаючы пенсіянераў, студэнтаў і гэтак далей), то ўсё, што звыш, будзе кампенсавацца за кошт бюджэту. І 15% — мяжа ў сельскай мясцовасці, да якой адносіцца і большасць райцэнтраў. Калі прыходзіцца чуць у СМІ пра тое, што трэба будзе аддаваць увесь заробак або пенсію на аплату камунальных паслуг, — гэта не так. гэта не адпавядае сацыяльнай палітыцы нашай краіны", — перадае БЕЛТА словы Мясніковіча.

Акрамя таго, спікер Савета Рэспублікі заклікаў калектыў ВНУ і студэнтаў жыць па сродках: аптымізаваць бюджэтныя выдаткі, мінімізаваць неабходныя кадравыя рэсурсы.

Як паведамлялася раней, Аляксандр Лукашэнка абураўся сітуацыяй з жыроўкамі ды патрабаваў, каб да 1 сакавіка яму на стол паклалі дакументы па тарыфах у сферы ЖКГ. Аднак пра нейкія змены тарыфаў у "камуналцы" апошнімі днямі так і не чуваць. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі