У Беларусі вынесены першы ў 2021 годзе смяротны прысуд
У Беларусі вынесены першы ў 2021 годзе смяротны прысуд. 29-гадовы Віктар Скрундзік прызнаны Мінскім абласным судом на выязным пасяджэнні ў Слуцку вінаватым у забойстве двух пенсіянераў (ва ўзросце 79 і 94 гадоў, іх яшчэ жывых спалілі ў хатах) і замаху на забойства 85-гадовай жанчыны, паведамляе spring96.org. Скрундзік атрымаў расстрэл яшчэ ў сакавіку мінулага года, але ў чэрвені калегія Вярхоўнага суда адмяніла смяротны прысуд і вярнула справу на новы разгляд. Але ён скончыўся з тым жа вынікам.
Па справе праходзяць яшчэ тры чалавекі: Сяргей Захаранка асуджаны на год папраўчых працаў з выплатай 10% заробку, Валянцін Бушнін — на 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Віталь Мяцеж — на 22 гады зняволення ў такіх жа ўмовах.
У сваім апошнім слове Віктар Скрундзік казаў, што раскайваецца ва ўчыненым і папрасіў прабачэння ў сваякоў загінулых.
Як вядома, Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, у якой існуе смяротнае пакаранне. Летась ЕС асудзіў першы смяротны прысуд Скрундзіку. Верагодна, такая ж заява будзе і цяпер.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.