У Брэсце адчынілася "Выстава аднаго прадмета" (фота)

У Брэсцкім краязнаўчым музеі 3 красавіка адчынілася "Выстава аднаго прадмета". Покрыва з таямнічага экспаната ўрачыста зняў кіраўнік Брэсцкага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук. Унікальным прадметам апынуўся залаты пярсцёнак, знойдзены яшчэ ў 1977 годзе на раскопках старажытнага гарадзішча Бярэсце і перададзены музею кіраўніком раскопак Пятром Лысенкам.

Бясцэннае ўпрыгожанне вагой каля 8 г зробленае з золата 750-й пробы. Падобных пярсцёнкаў знойдзена ўсяго два — у Брэсце і Ноўгарадзе. На думку гісторыкаў, упрыгожанне, верагодна, было сімвалам магутнасці і наўрад ці прызначалася для штодзённага нашэння.

На замову музея беларускі ювелірны завод "ZORKA" зрабіў сучасную копію пярсцёнка. У далейшым менавіта копія зойме ў экспазіцыі месца арыгіналу. Сапраўдны пярсцёнак будзе выстаўляцца ўсяго тры дні, пасля чаго зноў вернецца ў фонды музея.

Брэсцкі абласны краязнаўчы музей пачаў серыю выставаў "Унікальны экспанат" у межах рэспубліканскага праекта "Брэст — культурная сталіца Беларусі 2015". Некалькі трохдзённых экспазіцыяў паслядоўна пазнаёмяць наведвальнікаў з прадметамі вялікай гістарычнай, мастацкай і культурнай каштоўнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі