У БТ быў выбар: каго маглі адправіць на "Еўрабачанне" замест "Галасоў ЗМеста"

Kazna, Aura і Віталь Варанко / калаж Еўрарадыё
Kazna, Aura і Віталь Варанко / калаж Еўрарадыё

Белтэлерадыёкампанія выбрала для "Еўрабачання-2021" песню "Я научу тебя" гурта "Галасы ЗМеста", а Еўрапейскі вяшчальны саюз яе забракаваў. Прычына — палітычны падтэкст кампазіцыі, які не адпавядае духу конкурсу.

У той жа час у беларусаў узніклі пытанні да мастацкай каштоўнасці песні. Няўжо сярод паўсотні заявак, якія атрымаў медыяхолдынг, не знайшлося нічога больш "смачнага"?

Выбары беларускага ўдзельніка "Еўрабачання" сёлета былі непублічныя. Мы не ведаем усе 50 песень, якія прэтэндавалі на выкананне ў Ратэрдаме. Але раскажам вам пра вядомыя заяўкі. Хто з адбору на "Еўрабачанне-2021" аказаўся, гмм, горшым, чым "Галасы ЗМеста"?

Kazna

Сучасныя танцы, трохі хіп-хопа і ў меру ганарлівасці — гэта пра песню "Braids" ("Косы") спявачкі Kazna.

Kazna — спявачка-пачаткоўка з Расіі. Вялікай вядомасці пакуль не дамаглася: ва ўсякім разе, у інстаграме ў яе толькі каля 34 тысячы падпісчыкаў. Праўда, гэта не перашкаджала ёй прадстаўляць сябе як адну з фаварытак адбору. Ха! Яна не ведала, як праходзяць выбары ў Беларусі!

З пазіцыяй БТ Kazna не згодная і нават запусціла петыцыю з заклікам адправіць на конкурс сябе. Але там пакуль каля сотні подпісаў.

Chakras

Праект прадзюсара Максіма Алейнікава Chakras удзельнічаў у адборы на "Еўрабачанне" летась. Цяпер калектыў паспрабаваў зноў.

Поўную версію песні Алейнікаў не публікаваў — даступны толькі тызер. Гурт зноў зрабіў акцэнт на тры розныя тыпы вакалу: эстрадны, народны і оперны. Паехаць на конкурс гэта не дапамагло. Ад нейкіх каментароў для Еўрарадыё прадзюсар адмовіўся.

Hashmal

Гурт Hashmal створаны нядаўна, самы яркі яго ўдзельнік — баяніст Віталь Варанко. Песня для адбору названая двухсэнсоўна — "Sugar Balls" ("Цукровыя шарыкі" , але таксама слова balls можна перакласці як "яйцы").

Баян, саксафон, барабаны, бадзёры матыў — усё ў духу таго, што звычайна робіць Варанко.

Aura

Аўтараў песні "Любимую не отдают" і актыўных прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі Яўгена Алейніка і Юлію Быкаву (стваральнікі Aura) многія лічылі адзіным рэальным прэтэндэнтам на "Еўрабачанне". Але нешта пайшло не так.

Для адбору Aura падрыхтавала песню ў духу ранніх 2000-х — "Свет жыве каханнем". Каментуючы выбар гурта "Галасы ЗМеста", Быкава і Алейнік пажадалі ім поспехаў і паабяцалі ў будучыні зноў спрабаваць паехаць на шоу. Ад каментара Еўрарадыё Яўген Алейнік таксама адмовіўся.

Daz Sampson

Брытанскі выканаўца ўжо ездзіў на "Еўрабачанне" — у 2006 годзе, але заняў 19-е месца з 24. Цяпер ён чамусьці захацеў паехаць на шоу ад Беларусі з песняй "Give You Love", якую выканаў дуэтам з нейкай Katya Ocean.

Сама песня нагадвае нават не пра часы, калі сам Сэмпсан ездзіў на конкурс, а пра 90-я і знакамітую "Barbie girl".

Brian Left

Малавядомы выканаўца з Іспаніі хацеў прадстаўляць Беларусь з песняй "Beat Like a Drum" ("Стукаць як барабан"). Кампазіцыю цяжка назваць ідэальнай, але з вядомых на сёння заявак яна хоць неяк падобная да фармату ўдзельнікаў "Еўрабачання".

…і Зена?

У сацыяльных сетках актыўна распаўсюджвалася інфармацыя пра тое, што зноў удзельнічаць у адборы хацела ЗЕНА (Зіна Купрыяновіч), якая ездзіла на "Еўрабачанне" ў 2019 годзе.

Але, як расказала Еўрарадыё мама артысткі Нэлі Купрыяновіч, гэта не так: ніякую заяўку сёлета яны не падавалі.

Ці павінна БТ замяніць артыста?

ЕВС адхіліў толькі песню ў яе цяперашнім варыянце, забараніць удзельнічаць гурту "Галасы ЗМеста" вяшчальны саюз не можа. Пры гэтым у кампазіцыі дастаткова будзе часткова памяняць тэкст — і на шоу яго зноў змогуць прыняць.

Але на рашэнне ў БТ засталося мала часу: усе песні павінны быць прадстаўлены да панядзелка, калі пройдзе сустрэча кіраўнікоў дэлегацый краін — удзельніц конкурсу. Ёсць варыянт і што Беларусь сама адмовіцца ад удзелу ў шоу сёлета.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі