У Дзярждуме Расіі згадалі пра рэпрэсіі ў Беларусі

У Дзярждуме Расіі згадалі пра рэпрэсіі ў Беларусі

Першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы Расіі па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Канстанцін Затулін пракаментаваў затрыманне ў нашай краіне журналіста "КП у Беларусі" Генадзя Мажэйкі. Паводле яго слоў, "адносіны ў Беларусі да СМІ, журналістаў... пакідаюць жадаць нашмат лепшага". Затулін лічыць, "што на слова трэба адказваць словам, а не рэпрэсіямі", паведамляе ria.ru.

"З таго, што я на дадзены момант чую, мне здаецца, абставіны гэтыя прыцягнутыя за вушы, — працягвае Затулін. — Ніхто не можа быць суддзёй загадзя". Ён не выключае, што журналіста схапілі "для нейкага застрашэння, каб кагосьці запалохаць".

Першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы заявіў, што ў той час, калі Расія заклапочана пытаннем захавання саюзнай дзяржавы і недапушчэннем "дэстабілізацыі ў Беларусі", улады нашай краіны падаўляюць іншадумства. І прыкрываюцца тым, што Захад цісне на Беларусь за знаходжанне ў саюзнай дзяржаве з РФ. "Але гэта не з'яўляецца індульгенцыяй з любой нагоды, калі справа датычыць рэпрэсій супраць журналістаў", — адзначае Канстанцін Затулін.

Генадзя Мажэйку затрымалі, верагодна, 1 кастрычніка, ён знаходзіўся на Акрэсціна. Дома ў яго адбыўся ператрус. У пастанове былі пазначаныя крымінальныя артыкулы  "распальванне варожасці" і "абраза прадстаўніка ўлады". Мажэйка быў аўтарам публікацыі на сайце "КП у Беларусі" пра загінулага ў перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ мінчука Андрэя Зельцэра. Ужо на наступны дзень сайт выдання ў Беларусі заблакавалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі