У Егіпце адпачывае больш за 2 тысячы беларусаў, і продаж тураў працягваецца
Аднак каля траціны турыстаў усё ж вырашылі не ехаць у “гарачую” краіну.
Больш за 2 тысячы беларусаў адпачываюць у гэтыя дні ў курортных гарадах Егіпта.
“На канец дня ўчора было 2140 чалавек. Самалёты лятаюць рэгулярна. “Белавія” рэйсы не адмяняе. Падставаў для таго, каб займацца эвакуацыяй няма. На курортных зонах ніхто не абвяшчаў ні надзвычайнага, ні вайсковага становішча”, – распавёў Еўрарадыё дырэктар дэпартамента па турызме Вадзім Кармазін. Ён адзначыў, што туры па-ранейшаму прадаюцца, але каля траціны турыстаў ад буйных тураператараў усё ж перадумалі ехаць у Егіпет.
Нагадаем, ужо больш за тыдзень у Егіпце праходзяць масавыя дэманстрацыі. Людзі патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Хосні Мубарака. Пратэсты выбухаюць у асноўным у Каіры і Александрыі.
У беларускім Міністэрстве спорту і турызму кажуць, што небяспекі ў “турыстычных” гарадах Егіпта няма. Маўляў, усе падзеі тычацца толькі Александрыі і Каіра. Разам з тым у міністэрстве раяць пакуль устрымацца ад паездак у Егіпет.
Аднак продаж тураў для беларусаў у Егіпет не спыняецца.
“Праграма выконваецца, туры прадаюцца. Вы можаце зайсці на наш сайт, падабраць сабе тур”, – кажа намеснік дырэктара кампаніі “Тэстур” Аляксей Базалеў.
Па яго словах, ад паездак на бліжэйшы час усё ж адмовіліся ад 30% да 40% кліентаў іх кампаніі. А для тых, хто ўжо замовіў тур у Егіпет і перадумаў, аператар прапаноўвае паездкі ў іншыя краіны, дадае Аляксей Базалеў.
Не перапыняе авіярэйсаў у Егіпет і “Белавія”, якая займаецца чартарнымі рэйсамі ў курортныя гарады.
“Пакуль сочым за сітуацыяй з нашымі партнёрамі, якія замаўляюць рэйсы. Мы выконваем чартарныя рэйсы ў Хургаду і Шарм Эль Шэйх”, – распавёў Еўрарадыё намеснік гендырэктара авіякампаніі Ігар Чаргінец.
Ён адзначае, што ад ужо забраніраваных квіткоў адмаўляецца толькі кожны дзясяты.
Цікава, што менавіта ў курортным Шарм Эль Шэйху цяпер знаходзіцца прэзідэнт Егіпта Мубарак, якога ахоўваюць вайскоўцы. У горадзе ж сярод іншых адпачываюць і беларусы.
“Тут існуе небяспека ад бедуінаў, жыхароў гор, – распавёў Еўрарадыё беларус Зміцер Тарасенка, які ў Егіпце працуе аніматарам. – Яны карыстаюцца вайсковым становішчам. У іх ёсць зброя, яны рабуюць крамы. Пакуль гэта адзінкавыя выпадкі, але з гэтым ужо сутыкаліся. Турысты пакідаюць гатэлі: выехалі італьянцы, немцы. Расійскія турысты больш не прыязджаюць. Расія закрыла выезд. Прыязджаюць беларусы. У іх добры настрой. Наколькі я ведаю, тураператары не вельмі папярэджваюць беларусаў аб рэальным становішчы”.
У гатэлі дастаткова бяспечна, да турыстаў егіпцяне ставяцца прыязна, працягвае Зміцер.
“Большасць людзей, якія працуюць у гатэлі, гатовыя да дзеянняў. Нельга казаць пра тое, што ў краіне спакойна. Але збоку мясцовага насельніцтва няма небяспекі для турыстаў”.
Зміцер адзначае, што цяпер у горадзе адмененыя экскурсіі, не працуюць банкі, банкаматы і інтэрнэт.
Фота: pro-egypt.com