У Форуме дэмсіл Цапкалы — раскол праз пару месяцаў пасля стварэння
Удзельніцы Форуму дэмакратычных сіл / belarusforum.org
Шэсць сябраў часовай рады Форуму дэмакратычных сіл Беларусі — структуры, створанай Валерыем Цапкалам — абвясцілі аб выхадзе са складу рады.
Прычынай для расколу ў структуры, якая існуе ўсяго пару месяцаў, сталі "асобныя ініцыятывы і дзеянні, якія былі агучаныя і зробленыя нібыта ад імя Форуму".
Напрыклад, з астатнімі ўдзельнікамі Форуму не ўзгаднілі ўдзел яго прадстаўнікоў у "Кангрэсе свабоднай Расія". "Мы працягваем настойваць на тым, што Расія — вораг і акупант, а яе імперыялістычныя амбіцыі прынеслі пагрозу незалежнасці і нацыянальнай свядомасці свабодным краінам і народам", — гаворыцца ў заяве.
Таксама актывісты крытыкуюць ініцыятыву правядзення выбараў сярод апазіцыі, якую прасоўвае Цапкала. Яны лічаць ідэю не прапрацаванай.
Заяву падпісалі Вячаслаў Япішка, Міхаіл Кучараў, Вольга Катовіч, Вадзім Дзмітранок, Вольга Пашкевіч і Таццяна Сівачэнка. Яна была апублікаваная ў телеграм-канале Форуму, аднак пазней яе выдалілі. Рэпосты захаваліся ў асабістых каналах некаторых аўтараў сумеснай заявы.
Валерыя Цапкалу "ўсміхнула" навіна пра раскол на Форуме дэмакратычных сілаў. "Як можна раскалоць дэмакратычную пляцоўку. Яна першапачаткова — месца сутыкненняў меркаванняў і пошуку кампрамісаў", — каментуе ён.
А вось адзінае, што палітык напісаў пра сыход часткі дэлегатаў Форума са складу яго часовай рады: "У нас свабодны ўваход і там жа выхад".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.