У Гомелі былога палітвязня Іллю Міронава зноў арыштавалі на 15 сутак
Ілля Міронаў пасля вызвалення ў кастрычніку 2022-га / Фота з Facebook Валянціны Міронавай
У Гомелі былога палітвязня Іллю Міронава зноў арыштавалі на 15 сутак. Яго прызналі вінаватым у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў". У Міронава канфіскавалі смартфон, які быў набыты ўсяго некалькі дзён таму пасля адабрання папярэдняга мабільнага тэлефона, піша @viasna96.
Днямі Ілля Міронаў выйшаў на волю з чарговых "сутак" і знайшоў сваю кватэру разгромленай. Яго маці была ў той самы дзень затрыманая. У выніку яе аштрафавалі за "распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі" і адпусцілі. Міронаў жа знік, калі 17 сакавіка чакаў суда над маці.
Ілля Міронаў — валанцёр з Гомеля. Яго затрымалі ў верасні 2021 года і асудзілі на 1,5 гады папраўчай калоніі за "дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь". Палітвязень выйшаў на волю восенню 2022-га. Пасля гэтага актывіста ўжо некалькі разоў арыштоўвалі па адміністрацыйных справах. Ён напісаў некалькі скаргаў у Следчы камітэт — на начальніка гомельскага ІЧУ Сяргея Баравых і прапагандыста Рыгора Азаронка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.