У Гомелі рамантуюць ганак аблвыканкаму, яго ранейшы рамонт каштаваў $400 тысяч
У Гомелі рамантуюць ганак аблвыканкама / svaboda.org
У Гомелі пачаўся рамонт ганку аблвыканкама, перадае Радыё "Свабода" са спасылкай на чытачоў.
Гамельчукоў абурае, што гэты ганак некалькі гадоў таму рамантавалі за вялікія грошы: "Гэты скандальны ганак рамантавалі ў 2015 годзе за вялізныя грошы. Зрабілі там падагрэў і падсвечванне. Цяпер зноў рамонт? За чые грошы банкет?".
Журналісты высветлілі, што ў траўні 2023-га быў абвешчаны тэндар на рамонт ганку аблвыканкаму. Згодна з ім, на "дэмантаж і рамонт 142,5 кв. м гранітнай абліцоўкі" ганку патрэбна 105 тысяч рублёў (больш за 35 тысяч долараў). На сайце дзяржзакупак пазначана, што тэндар не адбыўся. Тым не менш рамонт ганку ідзе.
Папярэдні рамонт ганку прайшоў у 2015 годзе і каштаваў 400 тысяч долараў. Спярша кошт рамонту ўказвалі ў эквіваленце 1 мільёна долараў, што абурыла грамадскасць і СМІ. У выніку кошт рамонту знізілі. Пасля рамонту ганак сапраўды стаў з падагрэвам і падсвечваннем. Прычым падсвечваюцца не толькі прыступкі, але і ялінкі вакл ганка.
Гомельскія ўлады вызначаюцца аб'ектамі, на якія вылучаюць гандыёзныя сумы. Самымі вядомымі і скандальнымі за апошнія гады былі флагшток за паўмільёна долараў і прыбіральня за 1 мільён долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.