У Гомелі зноў затрымалі галоўнага рэдактара "Сильных новостей", будзе суд
У Гомелі зноў затрымалі галоўнага рэдактара "Сильных новостей" Ганну Якштас. 9 кастрычніка да яе дома прыехала група міліцыянераў. Высветлілася, што Якштас хочуць пакараць за ўдзел у вулічнай акцыі 23 верасня, якая не адбылася. Ёй паказалі фота, на якім яна і яшчэ дзясятак чалавек стаяць у цэнтры горада.
Як паведамляе gomel.today, спачатку міліцыянеры сказалі Ганне Якштас, што яе забіраюць у Савецкі РАУС для апытання, а пасля адпусцяць. Аднак праз нейкі час стала вядома, што галоўнага рэдактара папулярнага рэгіянальнага інтэрнэт-выдання пакінулі ў ізалятары да суда.
Ганну Якштас і яе мужа Дзяніса, таксама супрацоўніка "Сильных новостей", затрымлівалі 3 кастрычніка. Ён быў адпраўлены пад адміністрацыйны арышт, а Ганну аштрафавалі. Журналістаў абвінавацілі ва ўдзеле ў "несанкцыянаваным мітынгу". У той раз Ганна Якштас да суду правяла ў ІЧУ тры дні. У яе ёсць непаўналетнія дзеці. Беларускае заканадаўства забараняе асуджаць на суткі маці непаўналетніх дзяцей, але дазваляе трымаць іх да трох сутак перад судом.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.