У Гродне бібліятэкары зладзілі для гараджан пікнік (фота, відэа)
Бібліятэка правяла пікнік для дарослых, дзе можна было не толькі пачытаць кнігі і абмяняцца імі, але і патанчыць, як у ХІХ стагоддзі.
Пачытаць на свежым паветры, абмяняцца кнігамі і абмеркаваць любімых аўтараў гродзенцы змаглі на кніжным пікніку ля сцен Новага замка. Сустрэчу кнігалюбаў пад адкрытым небам арганізавала абласная навуковая бібліятэка імя Карскага ў нядзелю, 2 жніўня.
Каб падтрымаць незвычайную ініцыятыву бібліятэкараў, на вуліцу Замкавую прыйшло больш за сотню гродзенцаў. Аўдыторыя была ў асноўным дарослая. Менавіта на гэта і быў разлічаны пікнік. Такім незвычайным чынам бібліятэка вырашыла нагадаць гараджанам пра задавальненне і карысць чытання папяровых кніг. На некалькіх тэматычных палянах можна было пабачыць мастацкую, навуковую, гумарыстычную літаратуру і часопісы. Таксама госці абмяняліся кнігамі ў рамках акцыі па буккросінгу і паглядзелі фатаграфіі вядомых гродзенскіх фатографаў з прыватных калекцый на тэму "Жыццё як імгненне".
Атмасферу кніжнай акцыі надавалі спецыяльна арганізаваныя танцы ХІХ стагоддзя. Для тых, хто не ўмее танчыць, прафесійны калектыў "Суполка традыцыйнай культуры" пад жывую музыку правёў майстар-клас.