У Гродне рэчавыя рынкі сёння адмовіліся працаваць (фота)
1 ліпеня гродзенскія прадпрымальнікі двух рынкаў не выйшлі на працу.
Такім чынам, яны далучыліся да страйку, які праводзяць індывідуальныя прадпрымальнікі шэрагу гарадоў Беларусі. З 1 ліпеня пачынае дзейнічаць указ кіраўніка дзяржавы, які абавязвае ІП мець сертыфікаты і дакументы на ўсе тавары, якія будуць увозіцца на тэрыторыю Беларусі. Прадпрымальнікі заяўляюць, што гэтае патрабаванне невыканальнае.
На Паўднёвым рынку Гродна ўсё палаткі зачыненыя. На працу выйшлі каля дзесяці прадаўцоў. На палатках вісяць шыльдачкі "Тавар не сертыфікаваны" і "Сышлі ў адпачынак". На Цэнтральным рынку ніхто не гандлюе рэчамі. Большасць прадуктовых намётаў таксама не працуюць, гандлююць толькі дзіцячымі цацкамі ды ўсялякай драбязой.
На крытым рынку "Карона" многія ўсё ж такі выйшлі гандляваць. Аднак ёсць і тыя, хто падтрымаў прадпрымальніцкі пратэст. Буцікі, у асноўным, працуюць. Аднак, сярод іх шмат прыватных прадпрыемстваў, а не прадпрымальнікаў.
Цяпер гродзенскія ІП чакаюць эфекту ад учорашняга Форуму індывідуальных прадпрымальнікаў, які прайшоў у Мінску. Больш падрабязна пра яго гл. тут.