У Камянецкім раёне знеслі царкву, пабудаваную ў 1760 годзе

У вёсцы Малыя Мурыны Камянецкага раёна мясцовы святар разабраў на дошкі драўляную царкву, пабудаваную ў 1760 годзе. Будынак уваходзіць у Дзяржаўны спіс культурных каштоўнасцяў другой катэгорыі — г.зн., мае агульнабеларускую каштоўнасць.

Кіраўнік Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч абурыўся дзеяннямі святара і падаў заяву ў пракуратуру з просьбай разабрацца ў сітуацыі.

Сайт kyky.org пагаварыў з самім святаром і мясцовымі жыхарамі, каб даведацца яго погляд на сітуацыю. Мясцовыя распавялі, што святар да прыняцца сану служыў у КДБ. Сам бацюшка адзначае, што царква прыйшла ў вельмі кепскі стан. Па яго словах, параду наконт царквы ён атрымаў ад свайго духоўніка: "А потым мне мой духоўнік кажа: "Айцец Валянцін! Дрэва прыходзіць у трухлявасць. Здавён на Русі, калі старым храм становіцца, яго тут жа перабудоўваюць, і ставяць новы, паглядны храм".

Айцец Валянцін кажа, што ў будынку мог проста абваліцца дах на людзей: "Праблема была, і трэба было яе вырашаць, а не называць царкву помнікам культуры. Сорамна было называць! Трухлявая — а яны вешаюць таблічку. І атрымліваецца — не рабі. А як святар можа не рабіць, калі гэта храм у гонар Свяціцеля Мікалая?"

Дарэчы, на ўсялякія рамонтна-будаўнічыя работы на помніку гісторыі трэба браць дазвол Мінкульта і прыцягваць спецыялістаў-гісторыкаў. У адказ айцец Валянцін раіць чытаць "Кнігу прарока Агея" са Старога Запавету.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі