У Латвіі могуць адмовіцца ад рускай мовы — як другой замежнай у школе
Рыга
23 красавіка ўрад Латвіі можа прыняць рашэнне аб паступовай адмове ад рускай мовы як другой замежнай у школе, піша Delfi.
На дадзены момант першай замежнай мовай у латвійскіх школах з'яўляецца англійская — яе вучаць з 1-га класа. Другую замежную пачынаюць вучыць з канца пачатковай школы. Як піша выданне, дзеці могуць выбраць нямецкую, французскую ці любую іншую мову, але часцей за ўсё выкладаецца руская, паколькі ў школах не хапае настаўнікаў іншых моў.
У выніку руская мова вывучаецца як другая замежная амаль у палове латвійскіх школ. У некаторых навучальных установах альтэрнатывы ёй не прапануецца.
Таму Міністэрства адукацыі і навукі Латвіі хоча, каб з 2026/2027 навучальнага года школы паступова пачалі прапаноўваць вучням у якасці другой замежнай мовы адну з афіцыйных моў Еўрапейскага саюза або краін-членаў Еўрапейскай эканамічнай зоны. Ці замежную мову, якая рэгулюецца міжурадавымі пагадненнямі. Руская мова не ўваходзіць у гэтыя мовы.
Падчас публічных абмеркаванняў план Мінадукацыі быў раскрытыкаваны прыватнымі асобамі — ведамства атрымала больш за 300 зваротаў, накіраваных супраць новаўвядзення. Маўляў, дзеці не павінны быць абмежаваныя ў вывучэнні роднай мовы і павінны самі вырашаць, якую мову ім вывучаць, а прапанова міністэрства выглядае палітычна матываванай.
15 лютага Канстытуцыйны суд абавязаў грамадзян Расіі, якія пражываюць у Латвіі, здаваць іспыт на веданне латвійскай мовы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.