У "Маладым фронце" пройдзе з'езд і зменіцца кіраўніцтва — каліновец Урбановіч
Дзяніс Урбановіч / t.me/dzianisurbanovich
У "Маладым фронце" плануюцца змены ў кіраўніцтве. Пра гэта сайту "Зеркало" расказаў кіраўнік арганізацыі — "каліновец" Дзяніс Урбановіч, які цяпер аднаўляецца пасля ранення пад Бахмутам.
"Акурат збіраемся зрабіць з’езд, але не ведаем, як зручней, бо многія маладафронтаўцы ў турмах сядзяць, частка (больш за дзясятак) — у батальёне "Волат". Я яшчэ кіраўнік арганізацыі, але, можа, бліжэй да восені на з’ездзе ўвядзём змены", — распавядае Урбановіч.
Яму ўжо 34 гады, таму паводле статуту арганізацыі ён не можа быць кіраўніком МФ. Па словах Урбановіча, у арганізацыі ёсць годная змена: "Ёсць маладыя хлопцы — сапраўдныя байцы і героі, якія могуць заняць гэтую пасаду. Думаю, праз месяц-паўтара ўжо даведаецеся імя гэтага чалавека".
Таксама кіраўнік МФ заявіў, што цяпер маладафронтаўцы не могуць займацца палітыкай, бо знаходзяцца на фронце. Аднак кантакты з палітыкамі ён падтрымлівае: "З Наталляй Радзінай мы бачыліся, з дарадцам кабінета Зяленскага была закрытая размова. Асноўнае пытанне — вайна, але што будзе далей, у Беларусі, як мы пойдзем, хто нам дапаможа — гэта таксама прапрацоўваецца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.