У Мазыры з пачатку эпідэміі пнеўманіі захварэлі 500 чалавек, 9 памерлі

У Мазыры з пачатку эпідэміі грыпу і ВРВІ каля 500 чалавек захварэла на пнеўманію, дзевяць з іх памерлі. Такія звесткі паведаміў галоўны лекар Мазырскай цэнтральнай гарадской паліклінікі Ігар Баранаў у інтэрв'ю раённай газеце "Жыццё Палесся". Як перадае БелаПАН, у лістападзе  на ВРВІ і грып захварэлі больш за 15 тысяч жыхароў Мазыра і раёна, у тым ліку каля 6,5 тысяч дзяцей да 14 гадоў. Самы высокі рост захворвання быў зарэгістраваны 9—10 лістапада. Больш падатнымі на хваробы выявіліся асобы ў веку ад 18 да 54 гадоў і дзеці да 14 гадоў. За лістапад у паліклініках зарэгістравана каля 24 тыс. наведванняў дарослымі і каля 14 тыс. — дзецьмі, дома агледжана каля 5 тыс. дарослых і больш за 6,5 тыс. дзяцей.

За ўвесь перыяд, як паведаміў мазырскі лекар, прайшлі стацыянарнае лячэнне 452 хворых на пнеўманію, выпісана пасля выздараўлення 225 чалавек. Застаюцца на лячэнні 185 дарослых і 41 дзіця. Дзевяць чалавек знаходзяцца ў аддзяленні рэанімацыі, пяць з іх — на штучнай вентыляцыі лёгкіх і, па словах Баранава, выклікаюць "найбольшую трывогу".

Ад пнеўманіі памерлі хворыя ў веку да 50 гадоў. Адны мелі спадарожную паталогію, у іншых не было праблем са здароўем да паступлення ў лякарню. "Мы адзначалі, што на працягу некалькіх гадзін карціна змянялася вокамгненна, і нават у людзей, якія знаходзіліся ў лякарні, ускладняся клінічны стан. <…> Акрамя кіслароднай падтрымкі даводзілася (і цяпер даводзіцца) звяртацца да штучнай вентыляцыі лёгкіх з-за асаблівасці паразы лёгачнай тканкі, а менавіта паразы ніжніх аддзелаў дыхальнай сістэмы. Карціна пагаршаецца тым, што назіраецца гіпаксемія, гэта значыць нізкае насычэнне крыві кіслародам з прычыны таго, што паражацца лёгачная тканка, што прыводзіць да паліорганнай недастатковасці", — тлумачыць лекар.

Па словах Баранова, у Мазырскім раёне зарэгістравана сем выпадкаў захворвання на грып А (H1N1). Гэты вірус выяўлены ў чатырох памерлых ад пнеўманіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі