У Мінску будуць судзіць сірату — за тое, што хацеў ваяваць у палку Каліноўскага
У Беларусі будуць судзіць 20-гадовага сірату, які збіраўся ехаць ваяваць ва Украіну. Хлопца завуць Андрэй Раптуновіч, ён працаваў мастаком-выкладчыкам у цэнтры дадатковай адукацыі "Маяк". Быў затрыманы ГУБАЗіКам у траўні.
Паводле Следчага камітэту, малады чалавек планаваў далучыцца да палка Каліноўскага. Для гэтага ён зарэгістраваўся ў адмысловым тэлеграм-канале і паведаміў адміністратару аб гатоўнасці "па першым сігнале ўзяць зброю ў рукі". Таксама нібыта далучыўся яшчэ да адной суполкі ў тэлеграме, дзе "прапаноўваў свае паслугі і выказваў імкненне да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў".
На звестках праваабаронцаў, у траўні Андрэю прысудзілі 14 сутак арышту за нібыта "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў", потым склалі новы пратакол — яшчэ на 15 сутак — "за размахванне рукамі і нецэнзурную лаянку".
Сёння стала вядома, што Раптуновіч — фігурант крымінальнай справы. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах — "удзел у экстрэмісцкім фармаванні" і "падрыхтоўка да ўдзелу ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі іншай дзяржавы".
Андрэю пагражае да 6 гадоў турмы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.