У Мінску ІП масава прыйшлі ў міністэрства па падатках і зборах
У Мінску каля Дома ўраду 14 сакавіка сабраліся індывідуальныя прадпрымальнікі, каб аднесці заявы з патрабаваннем адмяніць указ кіраўніка дзяржавы № 222, які ўводзіць абавязковую сертыфікацыю тавараў лёгкай прамысловасці.
ІП планавалі правесці сёння акцыю — Марш прадпрымальнікаў, але не атрымалі дазволу, таму вырашылі такім чынам выказаць сваю пазіцыю.
Каля 200 чалавек прыйшлі да будынка міністэрства па падатках і зборах. Сярод іх таксама Анатоль Шумчанка і Мікалай Статкевіч, якія звярнулі ўвагу, што гэта не мітынг і яны сабраліся толькі каб аднесці заяву.
Адзін чалавек спрабаваў разгарнуць бел-чырвона-белы сцяг, але да яго падышоў Шумчанка і папрасіў гэтага не рабіць.
Дарэчы, не ўсе прадпрымальнікі з рэгіёнаў даехалі да сталіцы. Міліцыя сёння затрымала мікрааўтобус з прадпрымальнікамі са Слоніма.