У Мінску спрабуюць памірыць ЕС, Расію і краіны Усходняга партнёрства

Пытанне: “Як пераадолець супярэчнасці паміж ЕС, Расіяй і краінамі Усходняй Еўропы?” паставілі арганізатары перад удзельнікамі форума “Мінскі дыялог 2015”. Прычым, у тым жа памяшканні, дзе праходзіла адна з сустрэч Кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Адна праблема — журналістам дазволілі прысутнічаць толькі на першай сесіі першага дня. Маўляў, пытанні для абмеркавання прапануюцца вельмі вострыя, і без журналістаў дыскусія экспертаў будзе весціся больш шчыра і разняволена.

Аргумент спрэчны, асабліва з улікам слоў, сказаных на пачатку форума першым намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Аляксандрам Міхневічам.

“Без усебаковых экспертных дыскусій немагчымы і сам працэс прыняцця практычных рашэнняў. Магчыма, не заўжды на такіх канферэнцыях удаецца вызначыць дакладныя доўгатэрміновыя стратэгіі, але ўсебаковае абмеркаванне існуючых праблемных пытанняў актуальнае сёння як ніколі”, — настройвае ўдзельнікаў на працоўны лад Міхневіч.

І адразу пералічвае галоўныя, на погляд афіцыйнага Мінска, праблемныя бакі міжнародных стасункаў: “Усё больш відавочна выяўляецца канфрантацыя паміж глабальнымі ігракамі і спробы вяртання да блокавага супрацьстаяння”, “Пасля развалу СССР так і не ўдалося наладзіць добрыя і даверлівыя адносіны паміж Усходам і Захадам” і “Апошнія падзеі ў рэгіёне Усходняй Еўропы паказалі, да якой ступені неявернай і контрпрадуктыўнай для дзяржавы можа стаць нават сама пастаноўка пытання пра аднабаковы геапалітычны выбар”. А вось Беларусь, па словах віцэ-міністра, стала “донарам стабільнасці ў рэгіёне”, бо мы “заўжды імкнуліся выбудоўваць узаемавыгадныя адносіны і з Усходам, і з Захадам”.

Сапраўды, экспертаў на форум сабралі выбітных і з самых розных краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Вялікабрытаніі, Малдовы, Арменіі і іншых. Якія ж галоўныя пытанні вынеслі на абмеркаванне: “Перагляд Еўрапейскай палітыкі суседства: магчымыя варыянты рэформ”, “Што прывяло да ўзрастання супярэчнасцяў у рэгіёне?”, “Еўразійскі эканамічны саюз: сапраўдная інтэграцыя ці схаваны рэваншызм?” і гэтак далей. Пагадзіцеся, ведаць меркаванні экспертаў і чуць іх аргументы па такіх пытаннях цікава не толькі ўдзельнікам форуму.

Але, да дыскусіі на тэму варыянтаў рэформ Еўрапейскай палітыкі суседства.

Канфлікт спачатку ў Грузіі, а цяпер і ва Украіне, канфрантацыя ЕС і Расіі адносна краін-партнёраў падштурхоўваюць Еўрасаюз да думкі, што Еўрапейскую палітыку суседства неабходна пераглядаць і змяняць, распачынае абмеркаванне пасол ЕС у Беларусі Майра Мора.

Майра Мора: “Мы павінны прызнаць, што нашы партнёры вельмі розныя: адны хочуць мець як мага больш шчыльныя адносіны з ЕС, іншыя аддаюць перавагу іншаму ўзроўню ўзаемадзеяння з намі. Ды і суседзі нашых суседзяў з’яўляюцца фактарам, які трэба ўлічваць. Што да паспяховасці, то такім наша партнёрства будзе тады, калі гэта партнёрства роўных — трэба канцэнтравацца на тых галінах, дзе абодва бакі маюць агульныя інтарэсы”.

Карацей, пэўныя праблемы з палітыкай ёсць, але адмаўляцца ад яе не трэба. Па словах еўрапейскага дыпламата, кансультацыі па зменах Еўрапейскай палітыкі суседства ўжо пачаліся. І нават беларускі бок свае пажаданні ўжо накіраваў у Брусель.

Дырэктар праграмы “Усходняе суседства ЕС і Расія” Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошас адразу ўступае ў спрэчкі з паслом ЕС. Маўляў, ніякіх уражваючых вынікаў ад дзеяння Еўрапейскай палітыкі суседства у нашым рэгіёне за 10 гадоў яе існавання няма. У краінах-парнёрах ні еўрапейскія правілы жыцця не пачалі ўжывацца, ні ўплыў ЕС у рэгіёнах дзеяння Еўрапейскай палітыкі суседства не павялічыўся. Хутчэй, упэўнены Мошас, наадваорот — усё стала горш, чым было 10 гадоў таму.

“Гэта азначае, што палітычныя інструменты, якія выкарыстоўвае ЕС, магчыма, з’яўляюцца неадэкватнымі. Я магу прапанаваць толькі адно тлумачэнне: гэта палітыка ад пачатку грунтавалася на недакладных аналітычных вызначэннях. І далей поспеху ад Еўрапейскай палітыкі суседства чакаць не даводзіцца”.

І называе некалькі прычын гэтага: Расія зацікаўленая ў такім поспеху, як на ўсходнім, так і на паўднёвым накірунку дзеяння Еўрапейскай палітыкі суседства, і будзе гэтаму супрацьстаяць; краіны-партнёры часцяком не хочуць пераймаць заходні вопыт; эканамічная і гэапалітычная слабасць Захаду.

Аркадзь Мошас: “Ці можа ЕС цяпер вырашаць стратэгічныя задачы па сваёй перыферыі? Наўрад ці. Якія ёсць варыянты? Падзякаваць партнёрам за ўсе дасягненні, шчыра прызнаць, што наўрад ці можам рабіць шмат для партнёраў, калі палітыка партнёрства ўсё ж працягне існаванне”.

Тое, што Еўрапейская палітыка суседства не спраўдзіла надзеі яе заснавальнікаў, прызнае і кіраўнік Дэпартаменту Украіны, Беларусі і Малдовы польскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў Войцэх Кананчук. Ён таксама сярод прычын няўдачы найперш называе “рэвізіянісцкую палітыку Расіі”. Ну, і адсутнасць палітычнай волі ў кіраўніцтва большасці краін-партнёраў да перамен. І раіць ЕС быць больш паслядоўным.

“Мы павінны задаць пытанне: “У чым мэта нашай дзейнасці ва Усходняй Еўропе: кіраванне крызісам, стабілізацыя прамежкавых тэрыторый, дапамога ў мадэрнізацыі ці нейкая місія?” Калі мы хочам быць эфектыўнымі ў нашай “усходняй павестцы дня”, то мы павінны быць гатовымі несці з-за гэтага палітычныя страты. Да прыкладу, у стасунках з Расіяй. А я не думаю, што мы гатовыя гэтыя страты несці”, — кажа польскі эксперт.

За Еўрасаюз і яго палітыку ў нашым рэгіёне заступаецца старшыня савета беларускага Цэнтра вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі Андрэй Русаковіч. Па яго словах, сённяшнія падзеі ў рэгіёне не трэба лічыць выключна наступствамі недапрацовак і недахопаў Еўрапейскай палітыкі суседства — вінаватыя “і ўнутраная, і знешняя палітыка краін рэгіёна, недахопы рэфармавання, постсавецкія праблемы, супярэчнасці з вядучымі ігракамі рэгіёна, і палітыка Расіі”. І як варыянт, прапануе наладзіць супрацоўніцтва паміж ЕС і Еўразійскім эканамічным саюзам — з зонай агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока.

Эксперт расійскага Цэнтра комплексных еўрапейскіх і міжнародных даследаванняў Андрэй Срыба прадказальна няўдачы Еўрапейскай палітыкі суседства спісвае на ігнараванне “расійскага фактара”. Маўляў, як можна “Еўрасаюзу пабудаваць побач з сабой прастору стабільнасці і бяспекі, вядучы дыялог толькі са сваімі суседзямі — без удзелу Расіі?” І заклікае тэрмінова гэты дыялог распачаць.

Гэта быў апошні выступ, але ён толькі дае штуршок да пачатку сапраўднай дыскусіі. Не вытрымлівае кіраўнік украінскага Цэнтра палітычных даследаванняў “Пента” Уладзімір Фясенка: “Расія прапаноўвае не дыялог, а супрацьстаянне сваім суседзям і ЕС. Ці магчымы дыялог, і як выйсці з супрацьстаяння — гэта сёння галоўнае пытанне для палітыкі суседства!”

Майра Мора шчыра прызнае: да апошняга часу ЕС вёў шматлікія кансультацыі з Расіяй — у тым ліку, і адносна ініцыятывы "Усходняе партнёрства". Але цяпер “усё гэта Расіяй адрынутае”. “А вось калі б у дыялог у межах Еўрапейскай палітыкі суседства Расія была больш уцягнутая Еўрасаюзам, то мы б тут сёння не сядзелі!” — крыўдзіцца за радзіму расіянін Андрэй Скрыба. Як сапраўдны беларус Андрэй Русаковіч заняў міратворчую пазіцыю: “Уся праблема ў адсутнасці даверу паміж ЕС і Расіяй і таму ніхто сёння не можа сказаць, як будзе вырашаная ўзнятая спадаром Фясенкам праблема”.

Далей наступае чарга абурацца прадстаўнікам “малых дзяржаў”: “Вы цяпер гаворыце пра дыялог ЕС і Расіі наконт ініцыятывы "Усходняе партнёрства", а як у гэтым дыялогу будзе гучаць наш голас, краін-партнёраў?” — цікавіцца дырэктар Знешнепалітычнай асацыяцыі Малдовы Вікторыя Букатару. “У часы канфрантацыі магчымасцяў для самарэалізацыі ў малых краін становіцца ўсё менш”, — разводзіць рукамі Андрэй Скрыба. І тут жа выдае абразлівую, па яго агаворцы, пазіцыю Расіі на гэты конт: “Ці можам мы казаць пра устойлівыя механізмы прыняцця нейкага выбару ў дзяржавах, якія незалежныя ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў, дзе адсутнічае на нацыянальным узроўні кансенсус наконт гэтага выбару?”

                                              Вікторыя Букатару

“У нас ёсць кансенсус наконт нашага еўрапейскага выбару!” — не вытрымлівае старшыня ўкраінскага Цэнтра супольных дзей “CentreUA” Алег Рыбачук.

А аналітык армянскага Цэнтра рэгіянальных даследаванняў Мікаэл Залян цікавіцца ў прадстаўнікоў Расіі, што іх краіна можа прапанаваць насуперак прапановам Еўрасаюза.

Мікаэл Залян:У выпадку з Еўрасаюзам мы разумеем, якая мадэль для пабудовы грамадства прапаноўваецца. Гэтак жа, як зразумелая мадэль грамадства, якую прапаноўвае Ісламская дзяржава. А вось у выпадку з Еўразійскім саюзам не зразумела, якая мадэль пабудовы грамадства прапаноўваецца? З-за гэтага нараджаецца адчуванне, што размова ідзе проста пра падзел сфер інтарэсаў. Што для маленькіх краін непрымальна”.

Па выніку, ні да якога рашэння ці высновы ўдзельнікі дыскусіі не прыйшлі. Толькі Войцэх Кананчук пажадаў, каб ЕС больш не паддаваўся на шантаж з боку Расіі. А Майра Мора проста сказала: “Я чакаю, як будзе перагледжанае стаўленне ў Еўропе адносна палітыкі суседства”. А ўжо зыходзячы з гэтага стане вядома, як будуць складвацца ўзаемаадносіны ЕС і Беларусі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі