У Мінску ўручылі ўзнагароды Ultra-Music Awards 2010
Рэдакцыя партала ultra-music.com а таксама наведвальнікі сайта вызначылі пераможцаў у 11 намінацыях.
26 лютага ў паб-клубе "Графіці" адбылася цырымонія ўручэння музычных прэмій Ultra-Music Awards 2010. Паводле вынікаў галасавання на старонцы ultra-music.com, лепшым замежным альбомам мінулага года стаў "Plastic Beach" ад Gorillaz, лепшай замежнай песняй - "Wonderful Life" каманды Hurts. Лепшым беларускім альбомам 2010 года наведвальні парталу назвалі дэбютнік Green Pepper "Get on the Right Road", лепшай айчыннай песняй - "Грай" гурта "Ляпіс Трубяцкой". Самай запамінальнай музычнай падзеяй мінулага года стаўся прыезд Rammstein ў Мінск.
Таксама рэдакцыя ultra-music.com вызначыла некалькі спецыяльных намінацый. Прыз у намінацыі "Дэбют года" дастаўся экспрэсіўнаму трыа Sang Sattawood, адкрыццём года стала каманда Clover Club, праектам года - трохдыскавае выданне твораў Васі Шугалея "Ы.Ы.Ы. Васька жив!". Прыз за ўнёсак у развіццё беларускай музыкі атрымаў гурт IQ48.